Старонка:Зямля (1928).pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дзён чатыры ня бачыў.

— Дурны, чаму-ж ты так. З дзяўчынаю ня можна ніколі так. Каб каморнік хутчэй выехаў, тады-б усё і скончылася. А цяпер ты, калі ня пойдзеш нейкі час, дык горш будзе. Таго яна ня любіць, а мусіць падабаецца ён ёй. А гэта самае страшнае ў яе гады, калі хто ёй падабаецца. Год праз пяць яна пачне любіць іначай, а гэта ў такім узросьце, яна сама ў сабе разабрацца ня можа. Ты толькі ласкавым будзь з ёю, каб яна аж раставала пры табе.

— Дзякуй, сястрыца, за навуку.

— Ты ня сьмейся. Я такую пору перарасла, я ведаю. У такім узросьце — чорт яго ведае, што робіцца. Калі і цяпер...

— Калі і цяпер сумуеш каля вакна.

— Чаго ты ўсё жартуеш.

— А што-ж мне, плакаць?

— Плакаць ня трэба, але чаму ня быць трохі далікатнейшым.

— Ты выбачай, я-ж сам, кагадзе, гаварыў табе аб каханьні... Дык чаго ты сумуеш? Ты скажы выразна, патаварыску.

Волька пільна паглядзела яму ў вочы і, падумаўшы, сказала:

— Каханьня хочацца... Каго-небудзь кахаць хочацца.

— А каго, ня ведаеш?

— Ня ведаю. Выразна — нікога няма. Так пачуцьцё каханьня мучыць. Разумееш ты гэта? Ведаеш?

— А ты каго-небудзь кахала калі?

— Кахала... А можа і не. Прайшло. Дык цяпер і разабрацца цяжка ці гэта каханьне было, ці гэта так. Можа і каханьне... Усё праходзіць...