Старонка:Зямля (1928).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А калі ўсё праходзіць, дык можа і каханьне гэта было.

Чалавекі тры сядзела на ганку і чуваць былі іх галасы. Тамаш прышоў позна, калі ўжо ўсім надакучыла чакаць яго. Ён быў у новых ботах і трохі захмялелы. І гаваркі:

— Ты, браце Алесь, выбачай...

Пасьля зьвярнуўся да Волькі:

— Выбачайце і вы.

Памаўчаў і адвёў Алеся ў бок:

— Я табе, браце, раскажу, як гэта ўсё было. Зроду на мяне ніхто ніколі не чакаў... Доўга мяне чакалі?

— А так, нішто.

— Ну от бачыш... Прынёс боты Хоняў швагер. Я яму казаў—калі, кажу, пашыеш боты добра і за тры дні (каб я, значыць, босы не хадзіў доўга), дык барыша пастаўлю. Я думаў, што ён і да барыша такі самы нядбалы, як і да ўсяго. Аж ён узяў ды пашыў, як на тое ліха, пастараўся. Так дык ён шые боты тыдняў два, а я думаю, калі скажу яму пра барыш за тры дні, дык можа за якіх дзён дзесяць пашые. А тут от як — ты толькі ў мяне з хаты пашоў, аж ён — тыц у хату з ботамі. І добрыя боты пашыў. Дык я і паставіў барыша. А пасьля сон мяне змарыў, я лёг і заспаў, прызнацца. Прачнуўся, бачу вечарам пахне... Бач, якія галоўкі прышыў. Добры тавар. Надточкі падаваў. А халявы старыя, але моцныя. Будуць насіцца, чорт іх ня возьме... і пашыў зграбна. Бачыш?

Астаткі хмелю ў яго шпарка прападалі.

На сходзе было сем чалавек. Настаўнік і тут ня мог ніяк згуляць, ён стаяў каля адчыненае шафы