Старонка:Зямля (1928).pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Алесь стаяў поплеч з ёю, усьнёршыся локцямі на адчыненае вакно.

— Чаго-ж мне сумаваць.

— А хто цябе ведае... Ты нейкая невясёлая, ці як сказаць...

— Так сказаць, як гаворыць настаўнік Цімашук, — пажартавала яна, сумна ўсьміхнуўшыся.

— Не, ты скажы, чаго ты сумуеш?

— Я сама ня ведаю, ці гэта я сумую, ці гэта так я... Нешта ўсё... Ліха яго ведае... Сама ня ведаю...

— А хто ведае?

— Можа і ніхто ня ведае.

— Скажы, дык от я ведаць буду.

— А нашто табе ведаць.

— Ты што, закахалася ў каго, ці як?

— Ні то што закахалася...

— Ну, а як-жа?

— Так нейк... Нашто ты дапытваешся?

— Ну то я ня буду.

Некалькі хвілін маўчалі. Волька задуменна вадзіла пальцам па ваконнай шалёўцы. Пасьля сказала, ня гледзячы на Алеся:

— А як у цябе справы з Барановічаваю Ганнаю? Ты-ж яшчэ вясною гаварыў, што будзеш жаніцца?

— Я і сам ня ведаю, якія ў мяне з ёю цяпер справы.

— Каханьне прапала?

— Не, яшчэ больш. Вось-жа і бяда ўся ў гэтым.

— Яна кахаць пакінула?

— Нічога ня ведаю. Не магу разабраць, што з ёю робіцца. Са мною, здаецца, такая сама, як і была, толькі часам... як калі...

— Я чула трохі. Гаворкі ходзяць. З каморнікам гуляе яна цяпер вечарамі. Ты яе даўно бачыў?