Старонка:Зямля (1928).pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

казаў. Не памог ёй, — кажа, — ніхто жывой, не паможа ніхто ёй і памерлай. От як!

— Хто яго тут разьбярэ, можа яно трохі і праўда. Ёй ужо ўсё роўна, як ты па ёй не сьпявай і куды ты яе не нясі.

— Ну так, але для людзкога вока патрэбна-ж нешта, каб было. Як-жа ты так пахаваеш, бяз нічога, узяў ды закапаў, як жывёліну якую. Гэта-ж табе чалавек.

— А калі чалавек грэшны, то трэба-ж, тымчасове, памаліцца.

— Якія там у яе грахі! Адкуль яны ў яе?

— Добра кажа, адкуль тыя ў яе грахі.

— Чаму, усякі чалавек грэшны. Няма нікога без граху.

— Ат, хто яго ведае, што тут грэх, а што не. Разьбяры тут.

Кум Юліка Барановіча раптам зноў загаварыў пра гаспадарскія справы:

— Тымчасове, я зноў пра гэтыя самыя папарцы. Яны ў нас такія, што пашы з іх павінна хапіць — уг-га! На чорта нам гэтыя выдумкі — папары заўсёды былі, і нашто гэтую моду ўводзіць, каб без папароў заставацца... Што галава — то розум. Яны хочуць давесьці гаспадарку чорт ведае, тымчасове, да чаго. Сказаць, поле добра ты вырабляй, угнойвай яго, не лянуйся, дык радзіць будзе. Я сам нажынаю, тымчасове, жыта — на маю сям'ю даволі. А ёсьцека людзі, што і пабольш поля маюць. Нашто тут лішне мудрагеліць. Хто гэта выдумаў, каб папары зводзіць?.. Калі ты добры, я-ж кажу, гаспадар...

— Ну, а калі не гаспадарыцца усё з рук валіцца.