Старонка:Зямля (1928).pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каля прытвору, з халоднымі рысамі твару, чуў, як кум Юліка Барановіча стукаў ботамі, узлазячы на званіцу, і як пазваніў трохі ва ўсе званы. Пасьля, зьлезшы з званіцы, падышоў да натоўпу мужчын каля цьвінтарнае брамы і гаварыў пра нейкія папары:

— У нас папарцы смачныя, так што нам ня трэба балота пускаць пад пашу. Нам сена, тымчасове, патрэбна.

— Папароў мала і нічога ты на іх не пасееш, — чуўся голас Тамаша,

— Папароў мала? Можна зрабіць, каб было больш. Пад жыта, тымчасове, добра.

— Нічога ня добра.

— Я вам, мужчыны, скажу, што запусьціўшы папарэц, ды, тымчасове, калі бог дасьць здароўе...

— А Алеся няма, — сказаў нехта з мужчын, у царкву нават і носа ня ткнуў.

— Ён-жа труну рабіў.

— То, што, што рабіў. Мог-бы падыйсьці разам з усімі, як-бы яму самому ніколі не давядзецца ўміраць.

— Куды ён табе, пойдзе. Комуністыя ў царкву ня ходзяць. Ня маюць, тымчасове, права. У іх такі закон, калі пашоў раз у царкву, выкідаюць, значыць, з гэтага іхняга цэху. Ня можна! Тымчасове, як-жа ён табе пойдзе. Труну — дык ён памог зрабіць. Гэта, дык нічога — гэта ў іх можна... Тымчасове, зараз трэба лезьці будзе на званіцу, на вечную памяць пазваніць.

— Кажуць, што Мацьвей не хацеў у царкву нясьці, так хацеў пахаваць.

— Ну, але, не хацеў, гэта ўсё Сабастыянаў быў клопат, а яму мала гэта абходзіла. Сабастыян сам