Старонка:Зямля (1928).pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чорт яго ня возьме, ня вываліцца ўсё з рук. Не выпускай з рук, калі яно ў цябе валіцца.

— А калі ня ўтрымаць? Унь Мацьвей, жонку на гэтым сьвеце утрымаў ці не? Утрымаў?!.

— Ну, бо тут гэта суджана. Што суджана, тымчасове, чалавеку, то тут нічога чалавек не парадзіш. От што! Гэта, як сьвет сьветам і бог богам, дык гэта заўсёды было і будзе.

— Ну, а калі-б ён жонку вылечыў, то як-бы тады з гэтым суджаным было? Як-бы тады з ім?!.

— Ну, то тады, значыць, было-б суджана яму вылечыць яе. На паправу тады-б усё пашло-б у яе... Дык памятайце, мужчыны, што няма нам тут лішне чаго чыіх галоў слухаць — папары павінны быць, як і былі. Як табе, Тамаш, здаецца?

Тамаш нічога не адказаў, прадзьмухаў вішнёвы свой папяросьнік і закурыў.

— Што ты Тамаша чапаеш, Тамаш у комуністыя сам думае зараз падавацца. Ён нанава зараз гаспадарыць пачне. Яшчэ ажаніцца гатоў.

— Што мне, колькі там мне засталося пажыць. Ты ведаеш, колькі мне ўжо гадоў?

— Можна, тымчасове, дагадвацца.

— Ну, от-жа. То што ты маеш да мяне?

— Нічога. Што мне да цябе мець. Жыві сабе на здароўе.

— Я і жыву.

— Добра робіш. Адно не баламуць лішне сьветам.

— А што я дзе баламачу?

— З Алесем разам баламуціце. Таварышы, тымчасове, знайшліся! Можна сказаць — аднаму жаніцца пара, а другому ўміраць. Хэ-хэ! Фацэця дый годзе. Тымчасове, усялякія перарэзкі і перамеркі — гэта-ж з вас усё сьвет гарыць.