Старонка:Зямля (1928).pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я на поле не пайду, а па хаце буду паволі соўгацца. Памалу і ў печы выпалю... Дзеці памогуць. Нічога цяжкага я паднімаць ня буду. І лякарства буду браць. Толькі ў хаце буду паволі варушыцца.

— Ня можна і так. Зусім ляжаць трэба. Каб вы пры радох берагліся, каб гэтыя вашы бабы не памагалі вам... Для гэтага ёсьць акушэркі і дактары.

— Дык гэта-ж усё грошы каштуе, а я бедна жыву.

— У вас калі апошняе дзіця было?

— Пазалетась.

— Акушэрка была?

— Не.

— Чаму?

— Усё роўна ўжо я і так хворая ад ранейшых дзяцей. А тады гэтае акушеркі зусім тут нідзе ня было. А прывезьці якога доктара ці каго — дык дзе-ж грошай набрацца.

Доктар сьціснуў губы і працёр акуляры.

— Індыкі на градах кветкі пасклёўвалі, — сказала работніца, адчыніўшы дзьверы.

Доктар глянуў паверх акуляраў і вышаў. На хаду ён сказаў:

— Я працую на чатыры гадзіны ў суткі больш, чым мне паложана. Так, так, чатыры гадзіны. І не магу я за ўсякімі індыкамі наглядаць. Вы за мяне аглядаць хворых ня будзеце, а я за вас павінен мець клопат — індыкоў адганяць з кветніку. Можаце ісьці стаць на маё месца ў амбуляторыі!

Работніца ішла паперадзе. Яго ня было хвілін дзесяць. Доўгімі яны былі. На сьцяне нудна і роспачна цікаў гадзіньнік.

— Божа-ж мой, уздыхнула жанчына і заплакала.