Старонка:Зямля (1928).pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прышоўшы, доктар пачаў нанава перачытваць рацепт. Жанчына падышла да яго:

— Падлячэце мяне хоць трохі, хоць так, каб я ў хаце магла сёе-тое рабіць. Цяжкое работы я ня буду рабіць... Абы ў хаце. Я буду старацца, як мага, аддзякаваць вас...

— Пры чым тут просьбы, — сказаў доктар, — я павінен паводле абавязкаў службы лячыць вас. А цудаў я не раблю. Наколькі навука ў сілах зрабіць, усё будзе зроблена.

У жанчыны прыметна падняўся настрой:

— Можа гэта і не ад гэтага. У мяне суседка, дык таксама бяз ніякіх акушэрак і дактароў, тая самая баба была, што і ў мяне, аднак здаровая, як бура, і дзяцей ня менш, як у мяне.

Доктар паглыбіўся ў тоўстую кнігу, і жанчына вышла.

— Ну, што ён сказаў вам? — аступілі яе хворыя.

І яна пачала расказваць.

Дома-ж ня было нікога. Дзеці гулялі на агародзе. Хата была асьвечана сонцам. Яна дастала з печы чыгун паранае бульбы, насекла ў карыце і замяшала сьвіньням „Доктар сказаў не паднімаць цяжкага", — падумала яна і ня выносіла карыта на двор, упусьціла сьвіней у сенцы і, седзячы на парозе, пачакала, пакуль яны зьядуць. Тады, выгнаўшы іх, зачыніла сенцы, пашла ў камору і лягла на палку пад цёмным ваконцам. Сонца залатою істужкаю лілося праз ваконца на процілеглую сьцяну, некалі моцную і смольную, з запыленымі махрамі высахлага моху. Пры ёй на паліцы ляжалі дзьве булкі хлеба, стаялі збанкі і на іржавым цьвіку віселі пучкі сухога, сьвянцонага і несьвянцонага зельля—піжмы, чабру і цантуркі. Пук сухое мяты ўткнуты быў у ваконца.