Старонка:Зямля (1928).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А матка скончыла паліць у печы, падмяла хату і выбіралася.

Амбуляторыя стаяла за мястэчкам, дзе пачыналася голае цяпер поле. Некалькі фурманак стаяла каля брамы. Чакаць давялося нядоўга.

Пах лякарства закружыў ёй галаву. Галава кружылася ўвесь час, пакуль сядзела яна перад доктарам на нізенькай канапцы, сядзела і думалаці страшнае што скажа доктар, ці не. Доктар-жа пачаў пісаць рацэпт.

— Вельмі страшна гэта ў мяне?

Доктар моўчкі скончыў пісаць, паправіў на носе акуляры і пачаў гаварыць. І зусім нельга было зразумець — злуе ён ці заўсёды гэта ён так гаворыць.

— Заўсёды трэба берагчыся. А то у вас робіцца так — калі сёньня здароў, дык і заўсёды думаеце так будзе. Не, згубленага здароўя ня вернеш. Вам трэба было адразу пачаць лячыцца, калі не маглі вы ўберагчыся. Вам здароўе сапсавалі няўмекі. Вы не сьцерагліся. А цяпер — скажаце, я вінават, ня ўмею лячыць! Колькі ў вас дзяцей?

— Трое

— А колькі ўсіх было?

— Шасьцёра.

— А колькі вам год цяпер?

— Трыццаць восем.

— Ня трэба вам цяпер нічога паднімаць цяжкага, не таміцца, мала рабіць, добрую і лёгкую яду ўжываць. І лячыцца. Праз нейкі час вам трэба будзе опэрацыю рабіць. А цяпер вы бярэце гэтае лякарства і два тыдні ляжэце ў пасьцелі.

— Як-жа я вылежу, няма ад каго.

— Ну, а што-ж я вінават. Трэба ляжаць.