Старонка:Зямля (1928).pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ды пэўна, што Сабастыян гарэлкі ужо не пашкадаваў. Ён рад, што ўнука прычакаў. Мусіць, рад вельмі Сабастыян. Вельмі весела вусы падкручвае — бачыў я яго сягоньня каля крам. Зранку...

Апошнія словы сказаў ён цішэй, сам сабе. І, сказаўшы, пачаў зацягваць сабе пад нос сваю песьню—доўгую, як сумныя дні, бяз слоў, пачатку і канца. Варушыў наском правай нагі і ўсё цягнуў, ні на кога ня гледзячы.

Юрка пакручваўся каля мацеры. Дзьве дзяўчынкі селі каля яе на парозе. Сонца пачынала заходзіць.

— Мама, вы зноў з татам пойдзеце да дзядзькі? — запытаў Юрка.

— Пойдзем

— І я пайду з вамі.

— Чаго-ж ты, сынок, пойдзеш. Там тваіх таварышоў няма. Там усе старыя. Ты от лепш пайдзі да Юзіка ды пагуляй трохі, а пасьля неўзабаве прыходзь ды кладзіся спаць... Кладзіся сёньня ў хаце, бо, мусіць, ноч будзе здаровая.

— Не, я ў адрынцы. Там мне цёпла, у сене.

— У сене цёпла і здаравей, — заўважыў Мікалай, не пакідаючы варушыць ботам. І зноў засьпяваў.

Дзяўчынкі прытуліліся да мацеры.

У хлеве Мацьвей крычаў на каня. Палахліва засакатала на цёмным седале курыца. Мікалай падаў голас:

— От бо чалавек! Крычыць на ўсе жылы, ня можа цішком каня дагледзець. Аж страх. Удзень не шкадуе пугі, а ўвечар крыку... Вельмі-ж гаспадар, а-яй! От бо...

— Ня крычы ты гэтак сіберна, — сказала Мацьвеіха.