Старонка:Зямля (1928).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзяк вычысьціў вусы і ўстаў.

— Куды-ж вы?

— Каня трэба напаіць ісьці

І пашоў, вясёлы і спрытны.

— Можа і нам пайсьці, — сказала Мацьвеіха, — дагледзець там усяго дома. Вечар на дварэ.

— Хадзем, — сказаў Мацьвей, вылазячы з-за стала.

Госьці пачалі разыходзіцца, каб праз гадзіну сабрацца зноў.

XІІІ

Сонца блізка стаяла да захаду свайго. Сьвятло яго было блёклае і ціхае, як-бы яно нудзілася і сумавала па тых днёх, калі бурнаю радасьцю шырокага лета раскашэльвалася яно ў палёх.

Вуліца была сухая, з пагодлівым тварам.

— Мікалай казаў, што заўтра будзе вецер, — сказаў Юрка, сустракаючы ў варотах бацькоў.

— Як гэта ён пазнаў?

— Паглядзеў на неба дый пазнаў.

Мікалай крываносы сядзеў у дварэ на прызьбе. Мацьвей пашоў упраўляцца каля жывёлы. Мацьвеіха ўправілася хутчэй.

— Зноў, мусіць, пойдзеце да Сабастыяна, — запытаў Мікалай, гледзячы сабе пад ногі.

— Пойдзем яшчэ, — адказала Мацьвеіха, садзячыся на сонечны парог.

— Шмат гасьцей на радзінах?

— Уся радня, і так... суседзі, знаёмыя...

— Мусіць, выпіўкі здорава?!

— Шмат, няхай яна прападзе. Мяне сілком прымусілі выпіць — цяпэр яшчэ ў галаве кружыць, як у дурное.