Старонка:Зямля (1928).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але Мацьвей, мусіць, не пачуў у хляве. Юрка сеў каля мацерыных ног на камені. Маці пачала гладзіць па галовах дзяўчатак. Меншая ўзьлезла ёй на калені. Большая прысунулася бліжэй. Маці глядзела на іх белыя галовы, на чорныя Юркавы ногі. Сказала:

— Няхай-бы ты, Юрка, ногі памыў.

— Я іх некаторага дня мыў з Юзікам у цэбры.

— Дык ты іх зноў памый.

— Чорт іх...

— Падрывае?

— Падрывае. Вельмі-ж тузае.

— Прамый ды завярці, я табе чыстае анучкі пашукаю.

— Ня трэба, і так зажыве.

Ён выцягнуў нагу, нагнуў твар да яе і стараўся разгледзець больку. Разгледзеўшы, сказаў:

— Нічога, зажыве.

— Пакуль жаніцца, дык загаіцца, — сказаў Мікалай.

І зьвярнуўся да Мацьвеіхі:

— Яму варта было-б з старых халяваў лапцікі пашыць на восень, па полі хадзіць. Здаравейшыя ў яго ногі былі-б... Дастань з гары халявы, дык я яму заўтра пашыю.

— Халяў няма.

— На гары ляжаць... старыя.

— Гэта на зіму яму прышвы будуць. Бяз ботаў-жа ён зімаваць ня будзе.

— Ня трэба псаваць халяў, — сказаў Юрка, — на зіму боты мне прышыюцца. Тата сам гаварыў. На чорта мне тыя лапці. От, ня бачыў лапцей. Я ня хочу.

— Ніхто цябе сілком не прымушае.

І Мікалай зноў зацягнуў свой бясконцы мотыў.