Старонка:Зноў «Западная Россия».pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Што да славянства, дык „прышый кабыле хвост", а галоўней, ка­нечна, дзеля паклону ў бок гасьцінных чэхаў, Лаппо расказвае нам і аб „славянском единстве и России", і аб славянскім зьезьдзе ў Маскве ў 1867 г., і аб іншых рэчах, якія калісьці міла зычэлі для вуха расій­скага патрыёта, але сёньня не заўсёды смачна зычаць для чэха. Не дарма чэхі, падтрымліваючы расійскіх зуброў, часам сьцерагуцца, каб іх госьці, дабраўшыся да ўлады, не абярнулі „забытый уголок земли русской" разам з „златай Прагай" у „Прыкарпацкую губэрню".

Праца І. Лаппо шмат у чым зьяўляецца карыснай. У ёй мы зна­ходзім партатыўна вылажаны курс літоўска-беларускага княства і адносін яго да Польшчы. Карысна яна і тым, што ў канцы кніжкі прыложаны бібліографічны сьпіс патрэбнае літаратуры, даволі поўны, які дае магчы­масьць чытачу орыентавацца ў адпаведным матэрыяле.

Але калі-б нас запыталі, чаго больш у гэтай працы—ці карысьці, ці шкоды,—дык мы без усялякага хістаньня сказалі б: шкоды ад яе больш, чым карысьці. Для Беларусі і беларускага адраджэньня гэтая кніга безварункова шкодная. Асабліва новага важнага ў сэнсе навуковым яна не дае. Усё тое, што там ёсьць за малымі выключэньнямі, мы можам знайсьці ў больш поўных курсах літоўска-беларускага гаспадарства і ў спэцыяльных монографіях, хоць-бы таго-ж самага І. Лаппы.

Але, не даючы асабліва важнага для навукі, яна дае шмат што для політыкі. Ад гэтай кнігі аддае духам „Вестника Западной России", што выдаваўся ў Вільні за часы мураўёўшчыны і крычаў на ўсю Расію аб патрэбе пасыланьня на Беларусь вялікарускіх нянек і чыноўніцтва для „обрусения этого исконно-русского края". Ад гэтае кнігі аддае духам сьвежай памяці Пабеданосцава і Сталыпіна, што насаджвалі на Беларусь сотні і тысячы царкоўна-прыходзкіх школ і загібалі ў баранаў рог ня толькі праявы беларускай нацыянальнай ідэі, але і праявы мясцовай іні­цыятывы і краёвага патрыотызму. Ад гэтае кнігі вее такім чорнасоценным духам русіфікатарства, што бярэ і агіда, і злосьць: як у нашыя часы яшчэ знаходзяцца людзі, што з бруднымі лапамі лезуць на Бела­русь. Асабліва агідна, што гэтыя людзі, узгадованыя паміж нашых род­ных сяліб, з выключнай актыўнасьцю даводзяць стары закон рэнэгацтва.

Аднак-жа факт ёсьць: лапы ў навуковых манжэтах працягваюцца і пры гэтым вельмі хціва. Што мы можам і павінны ім проціставіць? Першае, зразумела,—факты жыцьця: Савецкую Беларусь, як самастойнае гаспадарства, як дзяржаўную адзінку з беларускай культурай, беларускай школай, беларускім тэатрам і беларускай навукай. Але гэтага мала. Па­вінен быць органічны аргумэнт,—трэба біць ворага яго зброяю.

Зьяўленьне кнігі І. Лаппо ў Празе чэскай надзвычайна характэрна. Сучасная Прага ёсьць цэнтр расійскай эміграцыі ўсялякіх гатункаў—ад царскіх зуброў да прыхільнікаў Саветаў. Яна зьяўляецца цэнтрам наву­ковай і політычнай думкі старой расійскай профэсуры і ў гэтым сэнсе