Старонка:Зноў «Западная Россия».pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

імкнецца адыгрываць ролю бесстароннага арбітра і судзьдзі прад Эўропай у стасунку да ўсіх пытаньняў старой Расіі. Тут у Празе вядзецца ўпар­тая барацьба за вызнаньне раней прыгнечаных нацыянальнасьцяў—у тым ліку і беларусаў,—ня столькі прад чэскай навукай і грамадзянствам, але праз іх—прад грамадзянствам і навукай Нямеччыны, Францыі, Італіі і іншых краін. Ня дзіва, што расійская чорная сотня дакладае ўсіх высіл­каў, каб пераканаць адсюль Эўропу, што ніякіх беларусаў няма, што гэта адзін толькі бальшавізм, выдумка Комінтэрну і іншых „ворагаў цыві­лізацыі".

Беларускай навуцы нельга махаць на гэта рукой і абыходзіць гэ­тае зьявішча бяз увагі. Мы не павінны забывацца аб тым, што калі гэ­тыя рэчы мала абыходзяць Савецкую Беларусь, дык яны вельмі і вельмі абыходзяць Беларусь Заходнюю. Ня трэба забывацца, што кнігі кшталтам „Западной России“ І. Лаппо,—гэта на рэдкасьць карысная рэч для польскай улады, для барацьбы яе з беларускім рухам. Большага па­дарунку для п. п. Грабскіх і Обстаў, як гэтая кніжыца, трудна і пры­думаць. Дарма І. Лаппо імкнецца давесьці адсутнасьць у Польшчы праў на Беларусь, як на „истинно-русский край“. Аб гэтым яго ніхто слухаць ня будзе і пажаданых для яго вывадаў ня зробіць. Але вось той вывад, што ніякіх беларусаў няма, што іх выдумалі комуністыя, што беларускі рух небясьпечны для „цывілізацыі", што для барацьбы з ім можна атрымаць грошы ў французаў,— вось гэтыя ўсе вывады як для ўнутра­нага, так і для замежнага ўжываньня польская навука і за ёй польская політыка зробяць адразу-ж. Аўторытэт І. Лаппы будзе для іх найлепшай падвалінай.

Паўтараю, кніга Лаппы для беларускага адраджэньня, асабліва Заходняй Беларусі, —выключна шкодная. І таму важна, каб на тым самым грунце, дзе яна мае і можа мець уплыў,—на грунце эўропэйскім, была нашая кніга і нашая літаратура, але толькі з другім зьместам і другімі лёзунгамі. У барацьбе за сваё жыцьцё Беларусі нельга пакідаць без адказу гэткія паважныя напады. Маючы прад сваімі вачыма тыя 400 га­доў, што прашлі бяз сьледу для нас з часу першае беларускае кнігі,— мы ня можам пазволіць сабе роскашы пакідаць бяз увагі пропаганду ўсялякіх „Западных Россий“.