Старонка:Зноў «Западная Россия».pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Прыкарпацкая Русь па яго тэрмінолёгіі — «забытый уголок русской земли». Для яго няма ні Шаўчэнкі, ні Франка, ні Драгаманіва, ні Антановіча. Зразумела, што ў яго кніжцы няма нават слова «Украіна», за якую пралілося ўжо столькі крыві.

Ня існуе, зразумела, для яго і слова «Беларусь». Ён абыходзіць моўчкі ўсіх тых расійскіх этнографаў, якія не гадзіліся з рэакцыйнымі апэніямі аб Беларусі і бачылі ў ёй «асаблівую краіну», нават «з уласнымі географічнымі граніцамі», — як казаў, прыкл. Бяссонаў, — а тым больш тых польскіх этнографаў і гісторыкаў, якія — horribile dictu! — цалкам процістаў­лялі Беларусь Маскве. Цікава, ці чуў калі-небудзь пан Лаппо аб по­глядзе на Беларусь гэткага выдатнага і глыбока-рускага чалавека, як Бакунін? Ня верыцца, каб яму ня былі вядомы бакунінскія лісты «ўсім славянскім братом», у якіх лістох вялікі рэволюцыянэр поўнасьцю выз­нае за Беларусьсю права на незалежнае нацыянальна-дзяржаўнае існа­ваньне.

Паўтараем, для Лаппо ня існуе нічога, апрача «Западной России». Нават на такім дражлівым і складаным пытаньні, як пытаньне расійска-польскіх адносін, ён ня ідзе далей 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя, лічачы, што Самарын сказаў у гэтай справе апошняе слова.

Пры разглядзе артыкулу Самарына «Современный об’ем польского вопроса», аўтар скромненька, але вельмі выразна, паказвае свой політычны твар. Адмовіўшы Польшчы ў праве на беларускія і заходня-украінскія абшары, ён зазначае: «для Западной и Южной России в дальнейшем намечается вопрос о взаимных отношениях племен русских, т. е. восточных славян (великоруссов, малоруссов и белоруссов) Но это уже внутренний вопрос народа русского (курсіў наш — А. Ц.), а не его и других народов».

Іншымі словамі, Лаппо стаіць на тым, што беларусы і украінцы зьяўляюцца «гістарычнай спадчынай Расійскае Дзяржавы» — і ніхто ня мае права цікавіцца, як гэтая дзяржава акрэсьліць іх становішча. Чым не пэрыфраз славутага пушкінскага «мора, у якім павінны зьліцца ўсе славянскія рэкі»?.. Не дарма ад старонак «Западной России» вее спэцыфічна лаппаўскім духам нават… вызнаньня Польшчы, — і было-б ня дзіва, калі-б у канцы кніжыцы мы прачыталі на гэтую тэму оду Хамякова (таксама вельмі блізкага сэрцу п. Лаппы):

И взор поэта вдохновенный
Уж видит новый век чудес…
До свода синяго небес
Орлы славянские летают,
Но мощную главу склоняют
Пред старшим северным орлом…

Ці ня гэты ідэал мігаціць прад «умственным взором» паважанага профэсара?