Старонка:Зноў «Западная Россия».pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

-Запольскі, Леонтовіч, Любаўскі, Пічэта і — з праўна-дзяржаўнага пункту гледжаньня — бар. Нольдэ.

У сваёй працы І. І. Лаппо дае цэлы шэраг вельмі цікавых аргумэн­таў і новых матэрыялаў, што да гэтай справы. Так, прыкл., вельмі цікавы ссылкі аўтара на практыку сэймаў пасьля вуніі, на іх акты, перапіску і дзеньнікі ня тых соймаў, што зьбіраліся на Літве Русі прад „вальнымі" ці „кароннымі" і мелі мэтай падрыхтоўку матэрыялаў для апошніх,— а тых, што зьбіраліся самастойна і мелі сваё тэрыторыяльна-дзяржаўнае значэньне (як Волковыская рада 1577 і 1582 году, віленская рада 1584 г., і інш); цікавы ссылкі на абароны мытнай граніцы паміж княствам і „каронай", а таксама начал „тубыльства" (чужаземства жыхароў княства ў стасунку да Польшчы); аналіз адпаведных артыкулаў Статуту 1588 г., практыка Скарбовых Трыбуналаў і г. д. Цікавы цытаты з лістоў Міхаіла Агінскага, з часоў урадаваньня на Беларусі Адама Чартарыскага, у гэ­тых лістох Агінскі вельмі акрэсьлена падчырквае асобнасьць старой „Літвы" ад Польшчы; паказаньні на погляды Міхаіла Бобржынскага, Анатолія Левіцкага і Сальвандзі.

Другім заданьнем аўтара ў тэй-жа частцы ёсьць давесьці асоб­насьць нацыянальна-культурнай гісторыі літвінаў і беларусаў (па Лаппо рассійцаў праз два с) за час іх сужывецтва з Польшчай. Што праўда,— тут І. Лаппо не дае нічога новага, паўтараючы вядомыя нам ужо весткі аб этнографічным, праўным і рэлігійным становішчы насяленьня Літоў­ска-Беларускага Княства, яго высокім культурным стане ў параўнаньні з Каронай, яго барацьбе за свае правы і сваё нацыянальнае „я" і г. д.

Больш таго,—тут мы знаходзім літаральнае паўтарэньне традыцый­ных характарыстык беларусаў, якімі поўна першая палова кніжкі Лаппо і якія гавораць аб беларусах, як „русских западной ветви" і аб беларускай мове, як „западно-русском наречии".

„Что представляет собой тот русский язык, которым говорило Великое Княжество Литовское", пытаецца аўтар, —і адказвае: „само население называло его русским. Так же называла его и власть. Но этот язык неизбежно оказался несколько иным (!), чем тот, на котором говорила Русь Московская. Для него предполагалось несколько наименованнй, пока не установилось обозначение его белорусским для Русского Северо-Запада и малорусским для Русского Юго-Запада“. „Но еще долго", пад­крэсьлівае Лаппо, „предлагалось называть его просто русским". Аўтар сьвядома ня робіць розьніцы паміж тагачаснай мовай „славянскай" і жы­вой беларускай, хоць добра гэта ведае. Ён сьвядома абыходзіць пытаньне аб тэй вялікай розьніцы, якая існавала ў тыя часы паміж мовай Масквы і мовай Русі, аб тым, што ласьне ў тыя часы беларусы называлі мову літоўска-беларускага княства „русскай", а мову маскоўскага княства— маскоўскай. Прыводзячы словы Льва Сапегі з прадмовы да трэцяга выданьня Статуту аб тым, што „жыхаром княства ўстыд ня ведаць