Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сотні рознастайных, мэрам дзе бачаных і знаёмых твараў, ухмыляліся яго пытальным вачом. Рыгораў знадворны выгляд дапамагаў яшчэ больш зьвяртаць на яго ўвагу. Не патураючы на гэта, ён ня кідаў надзеі стрэць хоць адну знаёмую душу…

Няўжо такі сярод вялікага натоўпу на вакзале ня знойдзецца каго-кольвечы, хто-б дзе калі яго спатыкаў?

Незаўважна для сябе Рыгор апынуўся пры буфэце. Навакола за столікамі сядзелі пасажыры і госьці, хто за гарбатаю, хто за півам, хто за сьнеданьнем.

Прысеў і ён і заказаў шклянку гарбаты ды пару сырных бутэрбродаў.

І можа з паўгадзіны аддаў на сваё скромнае сьнеданьне.

За гэты час вакзал паступова апусьцеў. Заціхлі гоман і тупатня.

Мала прыметны раней, ён зараз адцягаў на сябе беглыя ўзрокі мігаючых тэлеграфістаў і паважна тупаючага жандара.

Гэта не замяняла чаканых знаёмых. Роўная, як струна, здаравенная постаць жандара, яго колкія кноразавыя вочы, мэрам выдаўленыя наповерх чырвонага круглага твару — уплывалі няпрыемным уражаньнем і не манілі далей сядзець пры стале.

Адчуўшы казытны ўкол адзіноцтва, Рыгор выйшаў з вакзалу.

Направа, праз гарбаценькі мосьцік, заварачваў трамвай, на якім чорная літара расьпірала бакавыя бляда-жоўтыя трыкутнікі. Як вочы сьляпога, сумна глядзелі на яго шкелкамі пара патухлых ліхтароў і стройная пукатая, як сваха, лічба 8.