Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ



I

ВОСЬ ЁН, ПЕЦЯРБУРГ! Горад каменю і жалеза! Горад палацаў ды фабрык. Гняздо абсолютызму і калыска рэволюцыйнага руху. Кузыня культуры і засьценак сярэднявякоўя. Башта астрогу народаў і арэна будаўніцтва інтэрнацыяналу… Перад чым яго становіць неўгамоннае разьвіцьцё соцыяльна-грамадзкіх падзей? Што праракае яму недалёкае наступнае? Калі жыцьцё надасьць яму новую ролю стаць горадам тых, хто яго збудаваў?

З гэтымі думкамі Рыгор увайшоў у трамвай.

Пецярбург гудзеў кіпучым жыцьцём. Адзін за другім праносіліся стройныя вагоны трамваю. Сьвісталі аўтомобілі і траскацелі рамізьнікі. Паводкаю ліліся людзі ў адзін бок вуліцы і ў другі, насустрэч і ў бакі. Над высокімі гмахамі муроў, пад струну адмяраўшых мяжу вуліцы ўсьцяж бруднае канавы, насіўся полаг разрэджанага дыму. Агромністыя шыльды вабілі какао, шокаладам і цукеркамі, дапаміналі шофэрам пра шыны «Континенталь», а фабрыкам ды кватарантам — пра лямпачкі — „Osram“ і «Палуват». Процьма газэтчыкаў выгуквала шэраг цікавейшых навін, з якіх рэзка выдзяляліся гэткія, як: «Аўстрыя рыхтуе наступ на Сэрбію», «Пуанкарэ накіроўваецца ў Расію», «Нямеччына падтрымлівае Аўстрыю». Навіны востра інтрыгавалі публіку, якая брала газэты нарасхват, чытаючы іх на хаду.

Аднак на тварах людзей, ня гледзячы на трывожныя навіны, адмячаўся сьвяточны настрой адпачынку. Кожны быў заняты сваімі прыватнымі думкамі. Сур’ёзнасьць надыходзячых здарэньняў яксьці не гадзілася з жаданьнем ні тых, што сьпяшылі выехаць за горад, каб пасапці сьвежым паветрам, ні тых, хто парамі ці грамадкамі знаходзілі задавальненьне і супачынак у спацыры па гарачых каменьнях гораду.

Рыгор таксама захапіўся газэтнымі навінамі, да якіх ён ужо быў падрыхтаваны. Купленая ім і насьпех прагледжаная газэта