Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У правым акне лесам фабрычных комінаў зірнула на яго Маскоўская застава. Далей за ёю, на многа вёрстаў цягнуўся фабрычна-заводзкі раён Неўскае заставы, сёлы: архангела Міхаіла, Абухава, Колпіна.

Над роўнымі абшарамі балоцістых паплавоў насіліся хмары чорна-палавога дыму. У яго густой муці скрадаліся рысы высокіх, пабітых на вокны, стромых будынкаў гульлівага гораду.

Да Рыгора падстаў адзін з суседаў, пачаўшы апавядаць пра назвы заводаў і мясцовасьцяй, пра колькасьць рабочых на буйнейшых прадпрыемствах, пра нядаўнія забастоўкі. Рыгор прагна ўбіраў у сябе гэтыя першыя веды пра вялікі горад, дагэтуль завабны і марлівы, а зараз вачавідкі і жывы. Плойма рознастайных пытаньняў вырастала ў яго нутры, напірала на язык і прасілася да выказу. Але ня час быў гэтым займацца. Ужо пара было пытаць пра маршрут у Лясное, на Пятрусёў адрас.

Ён пасьпяшыў выкарыстаць суседа.

— Вам лепей усяго садзіцца на дзевятку і проста да Фінляндзкага вакзалу, а там…

Сусед, напэўна, запамятаваў далейшы парадак праезду ў Лясное і абярнуўся да свайго таварыша.

— Чаму на дзевятку?.. Лепей усяго васьмёркаю, — памог той.

— Толькі восьмым нумарам. Даедзеце да клінікі Вільліе, а там на паравік і ў Лясное, — праказаў селянін-эстонец.

Яго падтрымала да пяці іншых пасажыраў, якія ўжо стаялі згруджанай масай у праходзе вагона.

Між тым цягнік спыняўся на вакзале.

На пэроне яго чакала мноства публікі, якая напружана лавіла ўзрокамі пакідаўшых вагоны пасажыраў. Чуўся гулкі, рэзвы гоман і насіліся выгукі імяў і прозьвішчаў.

Рыгор пазіраў праз вокны вагона на публіку і завідаваў цёплым спатканьнем знаёмымі знаёмых. Яму міжвольна чакалася, што авось якая прымха навядзе на яго Пятруся ці Ганну. І тут ён якраз наткнуўся на сваю непрадбачанасьць і пагіронізаваў над сабою. «Або я дагадаўся хоць аднаму з іх паведаміць?»

З гэткай развагай Рыгор апынуўся ў густой тлуматні публікі.

Ён не агледзеўся, як людзкая хваля падхапіла яго і панесла з сабою да ўваходу ў вакзал.

Вузкія дзьверы не ўмяшчалі натоўпу. Яго добра паціскалі, пакуль ён прайшоў дзьверы. Ды ў вакзале ня было вальней.