Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

горавы меркаваньні. Так бывае заўсёды: хваляваньне збораў раптам зьмяняецца больлю расставаньня. Тое, што складала комплекс яго жыцьцёвых адчуваньняў, навееных умовамі і абставінамі Смагіна, вачавідкі адсувалася кудысьці назад, за дзьверы ды сьцены яго пакою.

— Ты дня ня вызначыў? — запытаў Памыйка, не адрываючы ўзрокаў ад Рыгора.

— Ці ня ўсё роўна калі, — спакойліва адказаў Рыгор.

— Я на тое пытаю, што трэба згадзіць фурманку.

— Фурманку?.. Вядома… Але, скажы, Павал, у цябе консьпірацыя цьвёрда трымаецца?

Памыйка крыўдліва затрапятаў усёй постацьцю…

— Няўжо ты думаеш, што я нічога не разумею…

— Ня тое, Павал, зусім ня тое я хацеў сказаць… Ты мяне не зразумеў… Я пакладаюся на цябе, як на гару, ну вось, па-твойму, хто болей з нашых ведае пра гэта?

— Галас і толькі.

— А Ліба?

— Я не казаў нікому, ані… Ды Ліба калі і ведае — будзь спакойліў.

Хтосьці падышоў да дзьвярэй.

— Можна забраць пасуду? — пачуўся Лібін голас.

— Папрашу вас.

— Загутарыліся, — хітра праказала яна да Памыйкі.

— Так… Бярэце і мяне з пасудай, — адказаў Памыйка жартам.

І вясёлы яго сьмех зьліўся з Лібіным сьмехам, пацёкшы срэбранай лентай усьцяж калідору карчмы.


IX

З ЧАСУ ПАДАНАЙ ГУТАРКІ з Памыйкам Рыгору не працавалася. Ён адчуваў нейкі цяжар, неўгамонную рупнасьць. Рукі махалі малаток, ці вадзілі напільнік, а вочы глядзелі ў іншы бок. Страцілася ўсякая цікавасьць і захапленьне процэсам і дынамікай працы, і яму здавалася, што ён ужо лішні і непатрэбны, як у майстэрні, гэтак і ў самым Смагіне.

Становішча ўскладнілася яшчэ болей, калі ў адзін дзень ён атрымаў наступную тэлеграму ад Пятруся:

«Прыяжджай хутчэй. Я дастаў табе месца».