Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За апошнія дні думка пра неадкладны выезд скондэнсавалася ў яго ў цьвёрдае рашэньне. Перад гэтым рашэньнем адыходзілі на задні плян і рызыка нелегальнага ўцёку і небясьпека быць перанятым поліцыяй. Памыйкава думка пасабляла ўдасканаліць організацыю выезду. І вось, раптам, зьявілася Ліба з сваімі ўгаворамі. Яна нечакана і ўмела падкралася да самага балючага месца. І з халоднаю роўнавагаю ў настроі раскалыхала яго заспакоенае пачуцьцё. А, бач, ён ні разу і не падумаў, што гэта можа быць. Прыпамятаваў, што ніколі з належнаю ўвагаю не паглядзеў на яе, як на жанчыну. Стрэў Сролевым таварышом і паступова ставарышкаваўся сам — вось і ўсё… А гэта…

Рыгоравы думкі выпархнулі з галавы і перанесьліся да жоўтага будынку рыскага астрогу, дзе ён пакінуў Наталю. Праз момант яны прынясьлі Зосін вобраз. Сьледам мацерын ліст радзіў Ганну.

Расстаўшыся з Рудольфам, калі той названіў яму пра Пецярбург, Рыгор у комплексе пецярбургскіх вобразаў ізноў напаткаў яе. Стройная і мілая, часта задуменная, Ганна глядзела на яго з руні сілцоўскіх паплавоў.

І маці…

— Досыць! Я перад ад’ездам, якога ня мінеш! — праказаў Рыгор і крута павярнуў думкі на апрацоўку пляну ад’езду. Калі і што, ды як пакінуць яму Смагін? Па якой дарозе накіравацца, каб ня даць поліцыі напасьці на сьлед? Як і што паглядзіць поліцыя на яго зьбег? Няўжо такі яна насур’ёз наладзіць за ім пагоню? Ці можа станавы аднясецца да гэтага спакойліва? Трывожны час адцягне яго думкі ў іншы бок? Цікава, як справіцца Памыйка з пашпартам? — падумаў Рыгор і праверыў прысьвечаных у яго ад’езд.

«Няўжо адзін Памыйка? Бязумоўна і Сімен… і… пэўна, Ліба? Навошта ведаць Лібе? Яна ўжо ведае…»

Рыгор пачаў хадзіць па пакоі…

«Ды і ўсёроўна-ж праз Лібу прыдзецца мець справу з яе бацькамі. Ад’езд цягне за сабою разьлікі за кватэру і харчы, разьвітаньне.

Трое, і гэтым павінна абмежавацца».

Стук у дзьверы перабіў яго развагі.

— Прашу! — пазваў Рыгор.

— Вячэраць будзеце? — пытала Ліба.

Рыгор адчыніў дзьверы.