Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На вуліцы расла гвалтоўная сумятлівасьць. Трывожна стукалі ў кожнай хаце дзьвярыма, перагукваліся людзі і беглі ў бок променю, пакідаючы па сабе гулкі тупат.

У канцы вуліцы і за гародамі выгуквалі аднастайнае цягучае «па-жа-арр! ппа-а-жарр!».

Рыгор пакінуў старога Крамніка аднаго і пабег за іншымі.

Ён не абмінуў і двух хат, калі зазванілі на гвалт. Частыя ўдары звону важка падалі ў ціхае паветра, віснучы над мястэчкам пераліўным медным гулам. Водгукі ўдараў несьліся далёка за ўсе канцы не знаходзячы сабе граніцы.

Апынуўшыся на майдані, Рыгор стрэў пажарны абоз. З грукатам і траскатнёю прамчалася між яго некалькі падвод з насосамі і бочкамі, з прыстаўленымі на іх дымнымі факеламі.

Удагон падводам горніст выцінаў надрыўнымі тонамі трывожную мэлёдыю.

І нязмоўкны гук звону, і трапятаньне цудоўных зданных ценяў на сьвятле факелаў, і плакучы гук пажарнага сыгналу, і разьюшаны, сумятлівы бег людзей зьліваліся ў якуюсьці таемную, трывожную какафонію, у ажыцьцёўленае ведзьміна вясельле.

Роўнае, стромкае полымя пажару, сьвечкаю ўзьнятае ўгору, зусім, здавалася, не вымагала ўзьнятае трывогі.

Калі Рыгор апынуўся на пажары — гарэла старая, зусім ізоляваная будыніна якогасьці сьвіронка. Спакойная пагода аднімала небясьпеку пераносу агню.

Натоўп мяшчан, асаджаны поліцыяй на сажняў дзесяць ад пажару, даваў разгарненьне дружнай працы пажарнікаў. Ад іх напору паціху асядала прагарэўшая страха і няўстойна калыхаліся сьцены.

Полымя вочавідкі меншала, згушчаючы вакол сябе цалунны змрок.

Але разварушаныя галавешкі рассыпалі пукі тоўстых іскраў, якія не дазвалялі пакуль аставіць без дагляду бліжэйшыя будынкі. На кожным з іх сядзелі людзі з вёдрамі вады і залівалі падаўшыя іскры.

Пажар не цягнуў за сабою вялікіх страт і, мэрам-бы, быў знарок зроблены для праверу людзкое дбайнасьці.

Разбуджаныя на яго людзі вярнуліся-б па хатах бяз жаднага спачуваньня пагарэўшым, з адным лёгкім нездавальненьнем на дарэмны неспакой, каб раптам пажар не набыў іншы зварот.