Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

VI

ЧАТЫРЫ СЬЦЕНКІ маленькага пакою губілі свае абрысы ў цёмным змроку ночы. Ды ці былі то, сапраўды, сьценкі, ці то самы змрок адгараджваў адно ад другога чуць прыкметныя стол, крэслы, ложак, — цяжка было разабрацца.

Ціша, якая панавала ў будынку і па-за яго сьценамі, яшчэ болей паглыбляла на ўзьдзіў глыбокую цемень. Шасьцішыбнае акно ледзьве прыметна адзначалася блядою шэраньню. У яго цяжка было запрымеціць досыць празрыстае мірганьне зорак. Здавалася, што густы зьлепак ночы давіў на ўсё жывое. Ды яго не заўважна было нідзе ўблізу Рыгора. Ці то мо’ ён мала прыслухоўваўся, будучы адданым ахапіўшым яго думкам.

Болей гадзіны нівошта не адцягнула да сябе Рыгоравай увагі. Ён ляжаў адзетым на непасланай пасьцелі, як у магіле. Чуў, мэрам-бы яго думкі ажыцьцяўляліся і шоргалі ў галаве поўзаньнем мухі. Тэю-ж зданьню падыхала і ад створаных яго выабражэньнем многалікіх вобразаў.

Раптоўны зычны трэск за сьценкаю падняў Рыгора на ногі. Ён настаражыўся.

«Няўжо хто стукае з надворку?» усумніўся ён і тут-жа заключыў, што таго не павінна быць: «было-б так, ужо-б даўно брахаў запёрты ў хляве сабака».

Рыгор зноў прылёг. Але ўжо яго настрой зламаўся. Скрытная ўтома дапомніла пра спаньне. З выразных думак асталіся цьмяныя, блытаныя ўрыўкі. Калі Рыгор патужыўся зьвязаць іх у адно цэлае і праверыць — не хапіла цярпеньня.

Тады ён увішна прыладзіў пасьцель, разьдзеўся і лёг. І толькі задрамаў, як узьнятыя на вуліцы крыкі яго абудзілі. На гэты раз — ня было сумненьня — штосьці здарылася. Сабака заліваўся нахабным брэхам.

Мігам адзеўшыся, Рыгор выбег з хаты. На ганку ўжо стаяў стары Крамнік.

— Вам ня варта выходзіць, пажар дзесьці за школішчам, — паведаміў ён Рыгора: — Во-а! — паказаў Крамнік на суседнюю страху.

Чырвоны промень разразаў чорны цалун ночы. Яркія іскры веерам нясьліся ўгару, гінучы ў камякох ружовага дыму.