Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ужо Рыгор абыходзіў парадзеўшы натоўп мяшчан, мяркуючы ісьці на кватэру, як яго хтосьці тузнуў за падол жукеткі. Ён азірнуўся і ўгледзеў Сімена Галаса.

— Ты куды?

— На кватэру.

— Пачакай хвілінку, тут хлопцы гатовяць маленькі сюрпрыз.

— У чым справа? — занепакоіўся Рыгор.

Сімен не пасьпеў адказаць: хлынуўшы натоўп зьыбіў іх з месца і адапхнуў на некалькі крокаў назад.

Калі яны паглядзелі на пажар, то ўбачылі пук узьнятых іскраў ад бразнуўшай у бок поліцыі здаровай галавешкі.

Напуджаны станавы кінуўся ўцякаць.

Яго адрывісты сярдзіты голас адбіваў некія распараджэньні.

У адказ на гэта натоўпам перабеглі ажыўлёная гутарка і ўкрадчывы сьмех.

— Хто гэта надумаў? — запытаў Рыгор у Сімена.

Той задаволена разрагатаўся і прашаптаў Рыгору на вуха:

— Памыйка!

— Ну, да чаго гэта было?

— Добра! Маўчы… Цяпер можна ісьці па хатах.

Рыгор разьвітаўся і павярнуўся да завулку; ён не зрабіў і пяці крокаў, як некі зычны бразг адцягнуў да сябе агульную ўвагу. Сьледам адзін за другім пачулася некалькі стрэлаў.

Натоўп мігам расьсееўся з поля сьвятла, і дагараўшае пажарышча асталося адно.

— Хавайцеся ў цёмнае! — папярэдзіў яго прамігнуўшы побач мужчына. — Стражнікі страляюць у людзей!..

— З якое прычыны? — кінуў Рыгор запытаньне ўсьлед уцякаўшаму.

Той нічога не адказаў і зьнік за высокім кастром паколатых дроў.

У завулку, што вёў на школішча, Рыгор нагнаў пару хлапчукоў. Адзін з захапленьнем расказваў другому, як з даху суседняе да пажару хаты хтосьць кінуў у поліцыю бляшанае вядро з вадою. Напалоханыя стражнікі ў адказ на гэта адкрылі страляніну. Хлапчукі пацяшаліся над цікавым для іх здарэньнем з поліцыяй, экспронтам складаючы анэкдот на тэму, «як стражнікі расстралялі пажар».

Данёсшыся ззаду іх чыйсьці прарэзьлівы крык перапыніў хлапчуковую рэзвую гутарку.