Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у прозе. Прамова наэлектрызавала сход, які ў пазбыве небясьпекі прывітаў Рудольфа зычнымі воплескамі.

За прамоваю пачаліся пытаньні. Наперабой кідалі іх «таварышу аратару» ўдзельнікі сходу, і прагна лавілі яго адказы.

Пецярбург вырастаў у ваччу кожнага прысутнага ў нешта вялікае, магутнае і неабсяжнае. Падзеі з рэволюцыйнага руху, перавязаныя з махрастымі комбінацыямі праяў агульна-грамадзкага жыцьця, паказваліся казачнымі і настолькі моцнымі, што нараджалі сабою зьдзіў, плаваўшы па тварах натхненнае моладзі і сталых.

У цікавасьці ды намалёванай Рудольфам рэволюцыйнай сытуацыі танула Смагінскае Першае Мая.

Напружанасьць становішча на Балканах, вакол якога завязваўся моцны вузел супярэчак паміж вялікімі дзяржавамі — на чым умела і тлумачна спыняўся Рудольф, — яшчэ болей раскалыхала ўдзельнікаў сходу.

На ўзвароце ў мястэчка толькі і было тэмы, як пра здані вайны. Разьбіўшыся па двое, па трое — усе былі злучаны аднастайнасьцю гутарак.

Але Рыгор да іх не далучаўся. Яго абыходзіла і расьцягнутая пахвальба смагінскаму актыву, што пасылаў яе Рудольф. Размову на гэту тэму з Рудольфам Рыгор уступіў Памыйку. Ён ухіляўся ад Лібінага спадарожніцтва таксама. Штосьці адрывала яго ад усяго вакольнага і на скрыдлах думак пераносіла ў Пецярбург. Развой рабочага руху і месца, што знайшоў яму Пятрусь, і цэлы шэраг іншых акалічнасьцяй віхрам насіліся над бурлівай сталіцай.

Сам горад-вялікан паўставаў перад ум і зданных вобразах, у нямоўчным гуле людзкога натаўпу, у гудзеньні сырэн, у бляску электрыкі.

З сумных муроў вытыркаў халодны, акураны гмах вялізарнага заводу, ацятага агністым поясам вокан. Лахматыя камякі дыму кружацца між небам і зямлёю. Вось-вось — лезе сопуха ў ноздры, у рот, труціць чадам, гар’ю. І не перашкаджае гэтаму ні чыстата ляснога паветра, ні водыр хваёвае смалы, разьлітае навакола.

Зрэдку, у развоі думак, Рыгор уголас пераконваў сябе:

— Пара ўжо мне ехаць адгэтуль, пара. Я ўжо тут сваю справу скончыў.