Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ты на некага злы, а на мне спаганяеш злосьць, — суха адказаў Рыгор.

Памыйка ўлавіў Рыгораву нездаволенасьць і зьбянтэжана пачаў выбачацца.

— Няўжо такі і ў праўду ты пакрыўдзіўся? Калі так — прашу дараваць. Я ніколі ня думаў гэтага… Я добра разумею, што ты падаў мне раду з добрымі намерамі… Ну, ты-ж ведаеш, што я не з-за сябе ўзьняў гарачку…

Інцыдэнт паміж імі паступова згладзіўся і праз нейкі час Памыйка зноў прызнаваўся Рыгору ў сваіх цёплых пачуцьцях да яго. Рыгоравы пропозыцыі вярнулі ў Памыйкавым разуменьні прызнаную ім таварышову непаграшымасьць.

Дзякуючы гэтаму абое бясспрэчна сышліся на тэрміне скліканьня сходу на канец мая.

Але, наперакор абодвым, здарэньні самі пераставілі тэрмін, адначасова перамяніўшы і разьвіцьцё падзей. Зусім неспадзявана, каля дваццатага мая, прыехаў з Пецярбургу Шульцаў сын Рудольф. Сам Шульц зьвёў сына з Рыгорам ды Памыйкаю на другі дзень пасьля яго прыезду. Расказаныя Рудольфам навіны захапілі вострасьцю і Рыгора і Паўла. Яны запрасілі Рудольфа зрабіць даклад на сходзе мясцовай організацыі. Рудольф ахвотліва згадзіўся.

— Організуйце і — завеце мяне, — сказаў ён.

З прычыны важнасьці дакладу, рэдкага для Смагіна, справа са сходам ішла згаворана, пагоджана і латва.

Бліжэйшаю суботаю, адвячоркам, пацягнулася смагінская моладзь рознымі дарожкамі і сьцяжынкамі ў памешчыкаў лес, вярстох у трох ад мястэчка. На сход сыйшлося да сотні чалавек.

Сходу быў прыдадзены характар маёўкі.

Рудольфа прывялі з сабою Рыгор з Памыйкам. Яго зьдзівіў настрой сходу; суцяжала таксама і колькасьць яго ўдзельнікаў.

Разложаная між кустоў на зялёнай мураве ежа сьведчыла аб прадугледжанасьці організатараў.

Рудольфу, якому даводзілася вярцецца больш усяго сярод студэнцкіх колаў, імпонавала даверлівая ды натхненная местачковая рамесьніцкая і сялянская моладзь.

Да дзесяці чалавек сталых, сур’ёзных мужчын, укрэпленых у яе, прыдавалі сходу паважную сталасьць і цьвёрдасьць.

Рудольф адразу запаліўся натхненьнем і сказаў сваю ўдала ды стройна пабудаваную прамову, як-бы прачытаў верш