Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рабіў усялякія дагадкі: ён разьлічваў, што гэтаму пасобіла яго адсутнасьць на вуліцах у дзень дэмонстрацыі, альбо тут адыграў некаторую ролю Шульц. Аднак, гэту акалічнасьць Карл Людвігавіч тлумачыў выключна «лібэральнасьцю» прыстава, «які трухі і прыводы ў халодную зрабіў для блізіру, абы не скомпромэтаваць сябе перад павятовым начальствам». Праўда, тлумачэньняў Шульца зусім нельга было апраўдаць шэрагам іншых рэпрэсій з боку «лібэрала» станавога. Распараджэньнем апошняга была зачынена грамадзкая бібліотэка з конфіскацыяй кніг. Былі забаронены чарговыя спэктаклі і ўведзена нешта накшталт ваеннага становішча, з разьязнымі начнымі патрулямі, якое цягнулася болей двух тыдняў. Не казаў у карысьць становага і праведзены перапіс рабочых.

Аднак, факт незачэпнасьці Рыгора аставаўся фактам. Гэты факт як найлепей спрыяў далейшаму рэволюцыйнаму руху ў Смагіне. Памыйка, які ўвесь час выказваў поўнае нядбайства да небясьпекі, зараз яшчэ больш пасьмялеў і стаў да дзерзкасьці адкрытым.

Ужо на другі тыдзень пасьля 1 Мая ён зьявіўся да Рыгора з думкаю склікаць местачковы актыў і абгаварыць плян наступнай працы.

— Поліцыя не зачэпіць! — увяраў ён, суцяшаючы Рыгора і сябе разам.

— Організацыя мусіць мець сталае кіраўніцтва. Няровен час! Кожную хвіліну трэба чакаць чарговага выбуху…

Рыгор іначай глядзеў на паднятае Паўлам пытаньне.

— Трэба некі час пачакаць…

— Каб поліцыя адумалася? «Сем бед — адзін адвет»… Ды табе што… Праз дзень-другі мы будзем праводзіць цябе, як праводзілі Сроля… А нам тут сядзець, пакуль ня вышлюць… Табе, я ведаю, не сядзіцца ўжо… Куды-ж там! і месца, і таварышы, і сталічны размах працы і… Ганна… А мы павінны варушыцца… Па маштабе… Мне дзіва, Рыгор, што ты на гэты раз забыў пра сваю ранейшую настойнасьць…

Апошнія словы Памыйкі і тон, якім яны былі выказаны, прыняліся Рыгорам за лёгкі ўкор. Гэта было чуць упяршыню з боку Памыйкі. Ранейшыя яго прызнаньні ў адданасьці Рыгору, хоць і несьлі некаторай вычварнасьцю, усё-ж не абяцалі таго, што Рыгор пачуў зараз.