Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Уверсе, над галавою, неабмежны прастор блакітнага неба, аздобленага бурштынавым сонцам, а ногі на мяккім дыване поплаву… Побач — дэсэні рознастайнай загарадзі: шастаколу, пералазу, плятніку, драцяных нітак; за загарадзьдзю — зялёныя дрэвы, у маладым сьветазялёным лісьце, а то і ў белым прашыве нераспушчанага цьвету. Не адарвацца вачом!

Але яму трэба ісьці.

Асалодна пацягнуўшыся, Рыгор пайшоў да рэчкі.

Заваленая лёгкаю павуцінкаю луні, Жаўранка выпірала яму вострае калена свайго залому і далей наўскос кіравала да Шульцавага поплаву. Адкуль яна вынырала — цяжка было выявіць, бо густыя кусты лазы ды алешніку хавалі яе ўлоньне. Толькі мо’ на паўвярсты ўлева вынікаў з травы яе невялічкі кавалак, сінім вокам пазіраючы на Рыгора.

Рыгор павярнуў направа і накіраваў берагам успадарожжа вадзе.

Там, дзе Жаўранка бліжэй усяго падыходзіла да плоту, спыніўся.

На гадзіньніку паказвала палова восьмае.

Рыгор пералез на пастаўнік і вузенькаю сьцежкаю пайшоў праўцом да задымленага з невялічкаю трубою цагельнага будынку.

Яго настрой крута зьмяніўся; думкі панесьліся ў майстэрню, уздымаючы выгляд яе ўнутранага зьместу.

Мігнулі шэрыя вобразы будзёншчыны. Учарашні дзень бліснуў празрыстаю маланкаю і згас. Зараз, вось, радком у шэсьцярых, пад наглядам Шульца, прыгнуцца яны над варштатамі і заскрыпяць па жалезе вострымі напільнікамі… Шульц завядзе свае моралі… Пачне пытаць пра ўчарашняе. Магчыма папікне ці пагіронізуе над чым.

— Рыгор, на хвілінку, — пачуў ён ззаду сябе.

То якраз быў Шульц.

Ён нагнаў Рыгора, прывітаўся з ім і ня спыняючыся пайшоў побач.

— Значыць, рашылі такі выспрабаваць няпрыкрытую дэмонстрацыю? Не хапіла цярплівасьці… — пачаў першым Шульц, заглядаючы Рыгору ў вочы.

— Як ведаеце… А чым было дрэнна?

— А па-маёму, дрэнна… Трэба было ўтрымаць… Нябось, чуў мо’, што ноччу адбыліся трухі чуць не па ўсім мястэчку…