Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я проста зьдзівіўся, калі зьнянацку цябе стрэў. Глядзі адно, каб не наведала поліцыя сёньня і да цябе… Ня шкодзіла-б пераначаваць у мяне. Вось і з Памыйкам невядома.

— Можа стацца…

— Сроль Рэзьнік — дык той хітрэйшы… Ён гэту ноч начаваў у нашай майстэрні.

— Ласьне?

— Так… Нават у нашага Рундука трасьлі каля гадзіны…

З-за хаты паказаўся Памыйка.

— Цэлы, глядзі! — пасьмяяўся Шульц: — вам пашанцавала.

— У агні не гарымо, як кажуць і…

— Не запэўняйся… Трэба лепш прысьцерагчыся, браце…

Яны падышлі да майстэрні. Шульц прапусьціў Рыгора ў дзьверы, а сам вярнуўся назад.

У дзьвярох Рыгора пераняў Сроль.

— Мне Карл Людвігавіч паведаміў, што ты ў гасьцях…

— Чакаю больш паўгадзіны…

— Толькі?..

— Сплючы, ня думаў пра нікога.

Да іх падышоў Памыйка.

— Цэлыя?

— Мы не гаршкі, каб…

— І гаршчок да пары воду носіць…

Карыстаючыся адсутнасьцю Шульца, яны выйшлі з майстэрні і адышліся да кустоў агрэсту.

— Ведаеце што, таварышы, — паведаміў Сроль, — я надумаў сёньня ноччу пакінуць Смагін. Рундук, напэўна, тое самае зробіць… Яго-ж трасьлі… Забралі усе кніжкі, пісьмы… Чаму не заарыштавалі — дзіва!.. Вось ня ведаю, як і што было ў мяне на кватэры — не наведваў… Хіба папрасіць Лібу Крамнік… даведацца?

— Куды-ж надумаў ехаць? — запытаў Памыйка.

— Радзьмася ў траіх — гэта-ж агульная справа… Ды… Тут усё агульнае; а можа па-вашаму пакуль і ня сьлед ехаць? Ліха яго ведае… Кажэце…

Хлопцы хвілін з пяць думалі.

— Едзь, браце, — парадзіў Рыгор. — Нашаму брату ня можна доўга заседжвацца на адным месцы… Годзе — папрацаваў. Перакідайся, пакуль цэлы… І ў другім месцы людзі патрэбны…

— Ды ўжо-ж, не прывыкаць да пераездаў…