Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Цікавы чалавек! Эпікурэец сапраўдны. Бесклапотны што да сябе, як птушка. Гэткіх жыцьцё песьціць… Ну, а са мною?

Кінутая ў прагальле наступнага, думка хутка пакінула Рыгорава адзнаньне. Ім завалодала глухая нядбайнасьць да ўсяго, што магло гразіць яму небясьпекай ці простай няпрыемнасьцю. Сталёвым калпаком навісла ўпартая нячуласьць, за якой мужнела яго істота.

Каб ня Ліба, якая ізноў прыйшла пазваць Рыгора прайсьціся ў мястэчка, ён-бы праседзеў адзін ў пакоі бязмоўна і безварухна чалавекам, каторы скончыў сягоньняшні вурок і дае адпачынак напружаным нэрвам.

— Над чым задумаліся?

Рыгор устаў і засьмяяўся.

— Якраз-та нічога ня думаў.

— Знача, як ёсьць вольны?

— Бачыце. Тады…

Ліба прыслухалася да прагучэўшага за дзьвярыма воклічу.

— Зноў маці расхадзілася. Яна ў нас сягоньня асабліва сварлівая.

— Так, трэба яе ўлагодзіць.

— Ня вельмі лёгка… Старая можа маеце хэнць выйсьці на вуліцу?

— З ахвотаю… Але маці?

— Нічога… Ня думайце-э што… Хадзем…

Мацеры ня было ў хаце, калі яны прайшлі да выхаду.

— Пашчасьціла! — пажартаваў Рыгор.

— Вось табе то і тое…

На суседняй вуліцы, дзесьці за прычыненаю брамаю ў дварэ, разьліваўся малады звонкі рогат. На яго адгукваўся выразны бразг падкоў, ці то змораных за дзень мяшчанскіх коняй ці распуджаных стражніцкіх стаеньнікаў.

Не загаварваючыся, Рыгор з Лібаю накіравалі ўбок вуліцы, якая бегла ў поле да засмучанага пылам ветрака.

Насустрач ім, з дэмонстрацыйным рыкам, сьпяшыла ў мястэчка лента выстраеных шэрагам кароў.

На вуліцы блізіўся вечар. У ціхім густым паветры насіліся кудлы пылу. Каля двароў хат, амаль ня спрэс, стаялі гурткі моладзі, горача абгаварваючы падзеі мінаючага дня. Чырванеючы захад залаціў зялёныя галы паплавоў, што разгарталіся перад прагнымі ўзрокамі Рыгоравага ваччу.