Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чакайце, Рыгор, прашу вас… — замахала насустрач яму рукою Лібіна маці. — Каля хаты спыніўся стражніцкі патруль… Прайдзеце на кухню… В-во-а, бачыце…

Дваром між вокан прабегла некалькі чалавек. Лопат іх шагоў адбіўся глухім рэхам па пакоях карчмы…

— Дзе-ж Ліба?.. На яе ліха, як вецер, носіцца сюды-туды…

Старая рухава затупала па калідоры.

Угледзеўшы Лібу, якая ў гэту хвіліну порстка варвалася з надворку ў хату, яна накінулася на дачку з востраю лаянкай:

— Скруціш, дачушка, голаву дачасна… Пракуратая!.. Чаму табе больш трэба як усім? Дабегаешся! Сядзі вось у хаце, а то…

— Што з вамі, мама? — не сьцярпела Ліба: — Сябе пільнуйце. Найшлі…

— Кіньце гармідар! Хрума, Ліба! — падаў з бакавога пакою стары Крамнік: — майце розум…

Ліба дабегла да дзьвярэй і гукнула да Рыгора.

— Патруль паехаў да рынку. Давайце пройдзем…

— Куда-а т-табе-э ісьці… Ліба!

Старая Хрума нэрвова замахала паднятымі ўгору рукамі.

— Хоць-бы раз паслухалася мацеры…

— Ды кінь-жа ты, нарэшце, няпрытомніца, — вылаяўся Крамнік, — вось ускруціцца, ускруціцца і цэлую раніцу…

Карчмар неасьцярожліва правёў рукою між носу і скінуў з яго пагнутыя, нядобра зачэпленыя за вушы акуляры. Гэта старога раззлавала, і ён моцна затупаў па дзюрпатай падлозе.

— Вы мяне дачасна ў магілу загоніце-э. Гусі кручаныя… Хай-бы ўжо хутчэй вы пакідалі адна другую… Ай, ай-яй! І што-а гэта ро-о-біцца-а!

Рыгору было няёмка. Фактычна сварка паднялася з-за яго.

Ліба зразумела яго каразьлівае становішча і кінулася разьнімаць бацькоў.

Якраз ёй пасобіў у гэтым уваход Памыйкі. Старыя раптам змоўклі і разыйшліся па пакоях.

— Рыгор дома? — запытаў Памыйка, не заўважыўшы адразу Рыгора.

— Я тут!

— Пастой! Ня выходзь на вуліцу. Ужо пачаліся арышты: дваіх гарбароў стражнікі адвялі ў стан… Трэба нешта думаць… Кожную хвіліну могуць наведаць да цябе…

— Ці ліха? А Сроль? Ты яго ня бачыў?