Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгораву думку абарвалі новых два стрэлы. Ён прасунуў галаву ў акно і паглядзеў на двор. Направа не заўважыў нікога; але толькі павярнуў узрок налева, як перад ім мігнулася двое асоб.

— Страляніна! Як-жа так, што я яшчэ ў хаце! — папікнуў сябе Рыгор і хутка быў гатовы да выйсьця. I толькі ён хапіўся за клямку ў дзьвярах, як пачуў іх націск з калідору.

— Можна, Рыгор Міхасевіч? — адчыніўшы дзьверы, запытала растрывожаная Ліба.

— Прашу вас, Ліба! Хто страляе?..

— Перастрэлка!.. Я знарок прыбегла да вас, каб вы нікуды з хаты…

— Я? Чаму гэта?

— Нядаўна прыбягаў Памыйка і прасіў мяне… Я сьцерагла, каб у хаце ніхто ня стукнуў. Заперла браму…

— Ах, да чаго ўсё гэта? На вуліцы дэмонстрацыя, а я…

Рыгор зноў рвануўся да дзьвярэй, але Ліба перагарадзіла яму дарогу.

— Прашу вас астацца ў хаце… Няўжо вы думаеце, што бяз вас революцыя згіне?.. Я толькі што з майдані. Дэмонстрацыя скончылася і зараз адбываюцца лятучыя маніфэстацыі. Дамонстранты разьбіліся на гурткі, рассыпаліся па вуліцах і маніфэстуюць неорганізавана…

— Але-ж поліцыя страляе?

— Не адна поліцыя, а і нашы…

— I нашы? Таварышы… Усё-ж я не дарую вам, што вы мяне захавалі ад дэмонстрацыі.

— Я выпаўніла просьбу ці дырэктыву ўсяго комітэту.

— Так, так! — нездаволена праказаў Рыгор.

— Можа гэта да лепшага.

Рыгор нічога не адказаў і прыслухаўся… Да іх даняслося яшчэ некалькі аддаленых, прыглушаных стрэлаў. Стрэлы рушылі Рыгора з месца і ён рупліва пару разоў прайшоўся па пакоі. Ліба ўважліва правяла яго пільнымі ўзрокамі і намерылася выйсьці.

— Адну хвілінку. Вы не на вуліцу?

— Выйду. Можа вам?..

— Пачакайце каля хаты мяне. Я цераз хвіліну…

Ліба пакінула Рыгора аднаго. Ён хутка перагарнуў зложаныя на стале паперы і выйшаў з пакою.