Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ДРУГАЯ



I

ХТОСЬЦІ НАПЭЎНА блудлівы паўночны ветрык, украдкаю адчыніў няпрышчэпленае акно ў Рыгоравым пакоі, і сьветлая раніца заліла яго майскім сонцам. Дыхнула параным пахучым паветрам. Сіняе неба ветліва атульвала старыя стрэхі смагінскіх будынкаў. Непарушныя дрэўцы маўчалі ў асалодзе квітучага бытаваньня. Руцянеючы мох на страсе суседняе хаты хаваў шэрань беднаты, так няпрыметнае ў гэты ясны, празрысты дзень.

Рыгор ня быў гаспадаром сваіх думак: яны пакінулі яго істоту і расплыліся ў шырокім гале вясновага дня, разьліўшыся па дрэўцах, па моху, у трапяткіх хвалях паветра. Павольна цюкала сэрца, як-бы адбіваючы подых сусьвету, прыгожага да чараваньня, вялікага да дзіву і магутнага да недасяжнасьці…

Вось яно — жыцьцё, цяганіна сусьветнага процэсу бясконцых зьмен, нясупыннага віраваньня і векавых пераформаваньняў. Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родзяць новае ды новае ў бязьмернасьці вякоў… Чалавек-жа…

— Страляюць?! — рушыў з месца Рыгор і хапіўся за рамы акна: — няўжо дэмонстрацыя? Ах, таварышы!.. Навошта яны мяне ізолявалі. Да чаго іх спачуваньне ў час барацьбы?..

Яму стала балюча няёмка. Унутры згрудзілася цяжкае туманнае пачуцьцё ні то ўпічышча, ні то агіды і злосьці…

Ён пастаяў колькі хвілін, пакуль ураўнаважыўся, і тут-жа выявіў перад сабою апошняе пасяджэньне комітэту. Здарэньні накіравалі ў чаканы бок.

«Сапраўды, мы не памыліліся ў сур’ёзнасьці першамайскага выступленьня. Комітэт усебакова выявіў перад сабою магчымыя нечаканасьці ў павароце падзей… Толькі пры чым тут мая бясьпечнасьць?..»