Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А між тым, Рыгор з адплюшчанымі вачыма ішоў ім на спатканьне. І ўсе планы яго, усе яго намеры віселі на валаску.

Валасок павінен быць падмененым тоўстымі аборкамі. Ня можа пляма сораму адзначыць нядбайнасьць смагінцаў у абароне Рыгора.

Памыйка дзяліўся пра гэта сваімі меркаваньнямі з Сролем, з другімі сябрамі комітэту, з комітэтам уцалку. Забываючы тое, што абставіны хавалі ў сабе аднолькавую няпэўнасьць у адносінах да ўсіх удзельнікаў сьвяткаваньня, ён концэнтраваў таварыскую ўвагу на адным Рыгору. Чамусьці таксама сур’ёзнае становішча Сроля амаль не непакоіла Памыйку — ён нават знаходзіў сьмеласьць упікаць яго ў роўнадушшы да таварыша.

Але ў гэтым Памыйка перастарваўся. Яго самазабыўная адданасьць Рыгору тапіла ў сабе пачуцьцё ўмеркаванасьці. Сроль далёка стаяў ад таго настрою, у іякім западозрываў яго Памыйка. Тым болей бязупыннымі з гэтага боку былі іншыя сябры комітэту. Рыгор на ўсіх іх зрабіў аднака выгаднае ўражаньне і цанілі яго ўсе аднака высока.

Рыгор па-ранейшаму прымаў актыўны ўдзел у бягучай працы. З усвойнымі яму рашучасьцю ды натхненьнем выступіў ён з абаронаю сваіх поглядаў на перадмайскім пасяджэньні комітэту.

Ахапіўшае некаторых комітэтчыкаў сумненьне ў правовасьці папярэдніх пастаноў пра майскія выступленьні сустрэла ад Рыгора рашучы адпор.

Яго прамова вярнула хісткім таварышом рэволюцыйную загартаванасьць.

Ні ў кога не знайшлося довадаў яе абвергнуць, ні нават астудзіць навеянае ёю ўражаньне.

— Мы не павінны калывацца пад уціскам абыватальскіх настрояў! — даводзіў Рыгор у сваёй прамове: — ні аптэкар, ні дан­тыст, ні нават Карл-Людвіг Шульц з яго дзьмутай соцыялістычнасьцю — з намі не па дарозе. Мышы патрабуюць цішыні — няхай яны астаюцца ў норах. Усякія спробы зьнізіць сьвяточны ўздым рабочых — праступак, прадажа нашае справы. На гэта, я думаю, з нас ніхто ня пойдзе. І хай не ад Смагіна залежыць вырашаньне канчатковай перамоігі — агульныя вынікі складаюцца з дробных эпізодаў.

Комітэт ахвяраваў небясьпекай і заключыў пасяджэньне галоснымі воплескамі па адрасе Рыгора.