Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі і што надыйдзе рашучы момант — Рыгор ня мог прадугадаць, як не зрабіў-бы таго і профэсіянальны політык. Але набліжэньне казытала і дражніла яго рэволюцыйнае пачуцьцё.

Рыгору паступова рабілася нецярплівей аставацца ў Смагіне. Ён што дзень, чым бліжэй да мая, усё настойней пачаў абдумоўваць плян свайго ад’езду. Нават да яго закрадалася сумненьне ў тым, ці варта чакаць Першага Мая. Для падгатоўкі к яму Рыгор зрабіў многае што, і з гэтага боку сумленьне магло быць чыстым… А ў горадзе, магчыма, яшчэ прыгадзяцца яго энэргія і організацыйная здольнасьць.

Але, успамінаючы пра Першае Мая, Рыгор усё-ж не хацеў яго засмуціць для смагінскіх таварышоў сваім раптоўным ад’ездам. Ён верыў ў таварыскасьць і шчырае да сябе пачуцьцё з іх боку, аднак, ня ручаўся, што яго перадмайскі ад’езд не навее на іх непажаданых думак. І плянуючы пра астаўленьне Смагіна, ён паступова схінуўся да думкі адкласьці гэта на пасьлямайскі час. За гэты тэрмін, разьлічваў ён, выразьней акрэсьляцца абставіны, як у адносінах да Пецярбургу, гэтак і датычна Сілцоў.

Калі для Рыгора гэта рашэньне стала бясспрэчным, ён падзяліўся ім з бліжэйшымі таварышамі — Сролем ды Памыйкам. Першы спакойліва паглядзеў на гэта, другі прыняў Рыгорава паведамленьне з пачуцьцём нездаваленьня. Памыйка не хаваў гэтага ад Рыгора і час-ад-часу дапамінаў яму пра тую страту, якую мецьме ў Рыгоравым ад’езьдзе Смагін.

Памыйку рабілася цяжка і горка таіць гэту навіну ў сваім нутры. Але сапраўднасьць не гадзілася з яго пачуцьцямі. Рыгор не па сваёй волі, а выпадкова апынуўся ў Смагіне. Адзін паварот ў іншы бок губарнатарскае думкі — цураў мястэчка ад гэтага карыснага яму чалавека. Аставалася пакорліва мірыцца з нямінучай разлукаю з ім. Болей таго, на іх, Рыгоравых таварышох з Смагіна, лажыўся таварыскі абавязак ухаваць яго ад магчымых няпрыемнасьцяй нелегальнага выезду.

Памыйка поўнасьцю адзнаваў усю супярэчнасьць паміж неабходнасьцю і сваімі жаданьнямі, тым ня меней шкадаваў Рыгора. Ён ведаў пра рупятлівасьць падгатоўкі поліцыі да Першага Мая і сачыў за рамесьніцкімі коламі, якія зацягла дэбатавалі найвастрэйшыя формы протэсту.

Складалася палажэньне, у якім чакалася шмат неспадзяванак.