Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нават Сроль, каторы год таму назад стаяў значна вышэй за іншых, зараз далёка адставаў ад Рыгора.

Розуму і ведам Памыйкі выразна не хапала гарадзкое фабрычнае шліфоўкі. І таму, што паказаныя асаблівасьці местачковага жыцьця былі Рыгору відавочны, ён шкадаваў разлучацца з Смагінам, не пасобіўшы таварышом як найбольш у іх справах, што былі і яго справамі. Ён ваходзіў у іх стан, і яскрава адчуваў у кожным слове Памыйкавай гутаркі шчырае жаданьне бачыць яго ў Смагіне, як найдаўжэй. Памяталася Рыгору, калі ён жыў у Сілцох: як радасна, бывала, спатыкалі сілцоўцы прыежджых таварышоў! Як шчыра і ўважліва прыслухоўваліся яны да кожнага слова, што ішло з-за межаў іх мястэчка! І як ім шкода было праводзіць гасьцёў! Ім тады валодала непаборнае пачуцьцё — кінуць Сілцы і ехаць туды, адкуль прыяжджалі таварышы, каб цалкам нырнуць у тыя ўмовы, якія гэткіх таварышоў гадуюць.

Смагін мяняў ролі: чатыры апошнія гады Рыгорава жыцьця ажыцьцяўлялі яго жаданьні. Зараз ён выяўляў у Памыйкі, у Лібы, у іншых смагінцаў падобнае пачуцьцё завіды яму, як гарадзкому таварышу. Чаму-ж ня ўцешыць іх сваім даўжэйшым прабываньнем з імі?

З гэтых мотываў Рыгору рабілася прыемным адцягнуць момант свайго ад’езду з Смагіна. Ён-бы аддаў у ахвяру гэтаму і прыніжэньне перад поліцыяй, і жаданьне пабываць у Сілцох, і хаценьне ўглядзецца з Пятрусём. Але шкадаваў Рыгор аднаго — разгону і вялікасьці рэволюцыйнае працы ва ўмовах гораду. Э гэтага выключна пункту гледжаньня плянаваў ён свой час, і гэта адно вымушала яго скарочваць сваю пабыўку ў Смагіне.

З дня на дзень газэты прыносілі ўсё цікавейшыя весткі пра настрой рабочых і грамадзянства. Політычнае жыцьцё, наколькі ён разьбіраўся ў яго комбінацыях, нясупынна заблутвалася. Падзеі на бліжнім усходзе займалі надзвычайную ўвагу політыкаў. У паветры насіліся іскры надыходзячага выбуху. Кожнаму больш-менш пасьведчанаму ў міжнародную політыку было вочавідкі, што так званае балканскае пытаньне да дабра не давядзе. Многія бачылі немагчымасьць мірнага вырашэньня балканскага пытаньня, зьлепленага вузла капіталістычных супярэчак, з лапікаў інтрыг, падбоеў і хітрыкаў з боку так званых вялікіх дзяржаў.