Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/502

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я не хацела атуманьваць тваіх настрояў, хоць нешта моцна наставала на споведзі табе… Пачуцьцё — якога я да апошніх часоў ня ведала…

Вялы, але няўмольны ківок Лібінага пальца, яе прызыўны ўзрок вярнулі Рыгора на нядаўна пакінутае ім месца…

Каля гадзіны ён сядзеў пры Лібе, маўклівым звонку, а расхвалёваным з нутра; перабоямі, то неабдумна, то абгледжанымі думкамі, выходзілі з яго вуснаў адкрытыя, прасочаныя сьвежасьцю навізны, дагэтуль нявыказаныя словы, сказы. Яны дыхалі на Лібу элексірам уцехі, ласкі, салодкіх надзей… завівалі вянком абнесеную ў сярэдзіне руку, і крохка ды ачула прыціскалі пальцы да яе правага боку…

І гэты ценькі ўціск, як даткненьне пчалы да каронкі цьвету, і праглівасьць, нямірглівага ўзроку, апечанага палам нутранога цяпла, і Лібіна водырнае адчуваньне мужняе ўвагі, пераплёт жыцьцёвых пачаткаў, як схрышчэньне тых-жа квятоў у застоенай, непарушнай цішы, акрытай сталёвым змрокам лютаўскай ночы — зьліліся ў зацяжны, сакавіты пацалунак:

— Маці!

— Бацька!

І наадварот.

Сьледам, толькі на хвілін дваццаць, пакой абмыўся яскравым променем электрыкі, а дваццаць першая хвіліна застала абоіх у спакойлівым здроме…


VII

— ТЫ ІДЗЕШ да Таўрычаскага?

Ліба нахаду дапівала застыўшую гарбату.

— Апазьніўся? — запытаў Рыгор, шукаючы гадзіньніка.

— Здаецца, ужо пайшлі, ці то проста так?

— Каторая гадзіна?

— Дзевятая… Усё-ж ты, Рыгор, асьцярожлівей… Навошта, канешна, лезьці жыватугам… Бывай!.. Я сёньні вярнуся раней — не пазьніся…

Ліба ўвішна падышла да ложку, палажыла на Рыгоравай шчацэ пацалунак і пабегла з пакою.

— Гарбата на пліце, — паведаміла яна з-за дзьвярэй.

Рыгор пасьпешна справіўся з туалетам, з гарбатаю і хапіўся за ўчарашнюю вячорку.