Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/501

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ступнае — так цікава і, паколькі яно зьвязваецца… ну, ты разумееш, Рыгор?.. Задача, чую сама, але за нас ніхто яе не рашыпь…

Раптоўнасьць і навіна, што прагучэлі ў Лібіных вуснах, на момант спавіла Рыгора шаломнасьцю. Ён ня толькі ня меў, што казаць, а і бязмоцны быў, каб аб чым выразна падумаць. Да яго вярнуўся міг, хвіліна, падобныя якім даводзілася сустракаць пры памятных гутарках з Ганнаю, пасьля з Лібаю і, між гэтым, з Наталяю. Ну, то-ж быў час далёка няроўны сучаснасьці. А зараз… Значыць, нанава, чарговы раз, жыцьцё хапала за фалды і адцягала Рыгора да зямлі ад яго надземных узьлётаў.

— Не бясьцікава ўсё гэта, Ліба, зразумела… — праз нейкі час, мэрам-бы ацьверазіўшыся, праказаў Рыгор, пасьпеўшы прамераць некалькі разоў пакой, а пасьля ценька прытуліць да сябе Лібу… — Заўтра ў нас забастоўка, і я разам з іншымі іду да Думы, але-ж…

Ён прабег вострым, пільным узрокам перш па твары Лібы, а сьледам па яе папаўнейшых грудзях і па прыметна ўзвышаным жываце…

Бледнасьць і лёгкая заўпаласьць Лібіных шчок, украдлівая жаўцізна з рэдкімі плямамі рабаценьня, крыху як-бы павузеўшыя губы — усё гэта праліло ў яго нутро якуюсьці пякучую і разам з тым халадзеючую струмень… Яна ўсплыла на сэрца, сьціснула кляпаны, зацюкала ім наўзьдзіў моцна, здавалася яму, нават чутно для Лібы…

— Ты чуеш сябе дрэнна, Ліба?.. Ну, а чаму ты мне дагэтуль не хацела казаць?.. Хоць я, ведаеш, адчуў ужо тады, калі ты раптам захварэла…

Ускосны ўзрок зноў абмыў задуменны Лібін твар.

Вобраз мадонны з малым на руках мігнуўся ў яго шырокарасплюшчаным ваччу…

Далей адчынілася нязьмерная паласа шэрых аднастайных праглядаў у затуманеную далячыню…

Пасьля вырасла вузкая шчыліна-каморка, густа заграмаджаная незнаёмымі рэчамі…

Нарэшце здалася сумная восенская ноч, на фоне каторай раптоўна зьнікла белая паласа фартуха і заўсёды абудлівая чырвань крыжу…