Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/500

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На аб’індзявелых сьценах рагавых будынкаў указ пра адтэрмінаваньне заняткаў Думы…

І побач — паведамленьне пра адсутнасьць белае мукі і круп…

Да чаго-ж і каму і навошта гэтыя крохкія, няўвераныя чуткі аб разрыве зносін паміж Амэрыкай ды Нямеччынай?

Навошта і зачым асобная нарада для выпрацоўкі асноў будучага дзяржаўчага ўстройства Польшчы?

А-а! Новая падачка адцанелых паперак мільёнам бежанцаў.

Ха-ха-ха!

— Чытала, Ліба?

— Я ўжо сама губляюся ў гэтым скоку ведзьмаў…

Яна адлажыла газэту і пацягнула Рыгора за рукаў:

— Прысядзь ды раскажы мне толкам, — табе, пэўна лепей вядома…

Рыгор у гэты момант якраз быў у павышаным настроі.

Апошнія падзеі сустракалі ў іх на заводзе жывы водгук. Яны настаражвалі кожнага рабочага, сеючы ў душных майстэрнях надыходзячую трывогу. Бягучы момант ня сходзіў з абгавору, глушачы ўсе іншыя пытаньні. Саматугам расла, гартавалася і крэпла баявая гатоўнасьць, якая абяцала раптам, у адзін міг, абарваць разьбег машын, стук малатоў, калываньне пілак і пхнуць на вуліцу зьяднанай грамадою тысячныя гушчы рабочых…

Гэты міг насіўся ў халодным паветры пецярбурскіх ваколіц, і яго блізкасьць хвалявала навостранае чаканьне…

Рыгор прыйшоў на кватэру якраз са сходкі, дзе гутарка ішла пра заўтрашні дзень.

— Я адно табе магу сказаць, Ліба, што ўсё ідзе да аднаго разьвязаньня… Мы перада днём падзей, якіх трудна ўявіць… Пытаньне ў часе — усяго… Можа заўтра, можа…

— Гэта-ж заўтра адчыняюць Думу? — праверыла Ліба, падазрона гледзячы на Рыгора. — Ты, пэўна, не абмінеш, каб не адзначыць гэты дзень тэй ці іншай дэмонстрацыяй?

Яна ўсьміхнулася і з цікавасьцю стала чакаць адказу.

— Ты непакоішся, я бачу?

— Паверыш, Рыгор, у апошні час… Слухай, адно… Уяві, што табе суджана стаць бацькам, а разам… — я часта думаю над гэтым і ўсё адкладваю, каб падрабязна абгаварыць з табою… Некалі, і ўсё гэта будзённа, шэра, няпраўда мо’? А на-