Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/494

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выбіла з-пад ног падпору і вось — перад ім бяздомны валацуга. Факт казаў за сябе і казаў балючую праўду.

Пятрусь адчуў, што і ён вінен у сухой бязудзельнасьці да Сёмкі. Пра яго казаў Рыгор, стрэўшыся з Пятрусём у Менску, між тым… А пасобіць Сёмку пры жаданьні Пятрусь мог-бы. Колькі было выпадкаў даць чалавеку працу, дапамагчы абсталявацца на месца. Сёмкі-ж ён ня ўспомніў.

Ці ня колкім укорам яму зычаць Сёмкавы словы? Калі так — Сёмка праў, хоць і няпрыемна гэта Пятрусю. Ніякавата тым болей, што Рыгор у гэтым яго папярэдзіў. Рыгору Сёмка многім вінен, а яму — Пятрусю?

Самакрытыка паступова ахапіла доўгую паласу мінулага. Нельга сказаць, каб на ім вызначалася шмат сьветлых плям, адложаных Пятрусёвай чыннасьцю. Наадварот: Пятрусь нявольны ад самапапроку і ў справе Гэлі.

Няўжо ў яго натуры, насупраць жаданьню, закладзена адмоўная рыса халоднасці і бязудзельнасьці да людзей і нават блізкіх?

А Рыгор?

А шэраг чужых, малазнаёмых людзей, за якіх яму прыходзілася столькі прасіць, часамі прыніжацца?

А Рыма, для якое ён рашыўся на рызыкоўныя крокі?..

З Сёмкам — прыкры выпадак. Трэба было спаткацца з ім у Рыгоравым пакоі, каб гэта яскрава адзнаць. Павінна было нейкі час пабыць з ім разам, перакінуцца дзесяткам-другім сказаў, успомніць наляту мінулае, каб адчуць сваю вінаватасьць перад Сёмкам. Наяўнасьць гэтага, а ня што іншае, сабрала, нарэшце, Пятрусёву цёплую ўвагу на таварышу.

— Ты, зразумела, ня маеш грошы, каб?.. Колькі магу, я табе пасоблю, Сёмка, а далей…

— Мне-б працу якую, ды сям’ю прытуліць пад страхою… Дзякуй яму, Рыгор быў уладзіў у атрад, і, здавалася, больш нічога непатрэбна… Але вазьмі ды зьмяніся начальнік, і ўсё шыварат-навыварат… Перагляд рабочых, і я са старшага рабочага зноў на дарозе, але ўжо без каня. Да Ступак даехаў, а з іх — невядома куды… Што зарабіў, выручыў ад біткі, ад паламаных драбін — пайшло на Вольку… На дарогу-ж…

— Ці-ж не вядома?