Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/493

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось бачыш! — ткнуў пальцам Пятрусь: — жонка з табою ня згодна.

— Тут гэтай згоды не канечна…

— Так… Чакайце, мужчыны…

Сёмка не даказаў і задуменна адышоў да акна.

Яго вярнула Ліба, падаючы яму руку:

— Бывайце здаровы!.. Я пайшла…

— Куды-к вы?

— На службу…

— І нядзеляй?

— Бачыце…

Рыгор правёў Лібу з пакою і, вярнуўшыся, праказаў да Сёмкі.

— Ты, я бачу, не ў настроі.

— Відаць, — далучыўся Пятрусь.

— Ёсьць вядома, што мой настрой не да вашага… Глядзеце…

Сёмка зноў адвярнуўся да акна і, адвярнуўшыся, гаварыў далей.

— Прывёз дзяцей і старую ды кінуў у калідоры бежанскага комітэту галоднымі. Тут не да настрою… Памажэце, браткі… Рабіць магу і ўмею што хоць, нават найцяжэйшую работу, але складаецца так, што і гэтага нельга: як абітую апуку, кідае мяне жыцьцё па сваіх каўдобах… Памажэце… не грашыма, а працаю, месцам!.. Рыгор!..

— Ты тут з дзецьмі?

— А на каго іх кіну?

— Нават так?

Пятрусь прыўстаў з месца і пільна пачаў углядацца ў Сёмку. Яго таварыш, сапраўды, выклікаў да сябе спагаду.


V

ХУДЫ, ПАЖАЎЦЕЛЫ Сёмкаў твар, яго павялічаная сутуласьць, закаржэлыя, мазолістыя рукі, бедная апранаха — сьведчылі Пятрусю за ніякаватае жыцьцё Сёмкі. Ня бачачы яго доўгі час, Пятрусь быў спакойным пра яго. Ён ведаў тыя ўмовы, у якіх жыў Сёмка ў Сілцох, дагадваўся пра магчымыя ў ім зьмены. Аднак сапраўднасьць выявіла інакшае. Сёмка бязумоўна няшчасны чалавек. Бежанства зблытала яго разьлікі,