Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/495

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор перабіў Сёмкаву споведзь і сеў пісаць запіску кароценькаму чалавеку з бежанскага комітэту.

Пятрусь нэрвова закалупаўся ў ісподняй кішэні жукеткі.

Сёмка бясьцікаўна насіўся ўзрокамі па высокіх многавоканных будынках з процілеглага боку вуліцы.

Тым-жа момантам Пятрусёва рука пацягнулася за Сёмкам з моцна зьмятаю дзесяцірублёўкай.

— Даруй, што я так бесцырымонна, але-ж мы таварышы і… пачуцьцё солідарнасьці — наш абавязак… А за мінулае — я перапрашаю…

Было нечаканым для ўсіх, уключаючы і Сёмку, яго раптоўны паварот да дзьвярэй, таіўшы ў сабе вынікі разгойданай роспачы.

— У чым справа? — усхапіўся з-за стала Рыгор, складаючы напісаную цыдульку.

Прайшло доўгіх пяць хвілін, пакуль Сёмка вымавіў слова.

— Дзякуй!

— Дзе-б і калі б, толькі ня тут і цяпер! Кінь, Сёмка! Мінулых страт ня вернеш, а ў будучым — усё наша.

Рыгор правёў свой сказ да таго пераконанай ухмылкай, што перад ёю Сёмка ня ўстояў.

— Даняло, браткі!.. Ведаеце — жалезным будзь, а падасіся… Гэта-ж уявеце сабе!! Гэткі цяжкі шлях! Змагаўся, колькі хапала сілы… Нарэшце стаў падавацца… І каб ня вы — ня ведаю, чым скончылася-б… Што я адзін, бяз жонкі, з дзяцьмі, і бяз грошай?..

— Я цябе запэўніваю, Сёмка, — пераняў яго Пятрусь: — патрабуецца ня больш тыдня, як ты інакш загаворыш. Вельмі добра, што выпадак нас зьвёў з табою… Кінь сумаваць!.. Мы перад лепшым — горшае пазадзе.

Цёплае таварыскае пачуцьцё крута перамяніла настрой Сёмкі і нават вярнула некаторыя надзеі.

Сёмка выйшаў на вуліцу, як падкаваны.

Ён адчуў сябе бадзёрым, адноўленым і ўверана ступаў па каменьнях, як па траве.

У Сёмкавай кішэні шапацела Рыгорава пісулька, а ў другой — Пятрусёва дапамога, далей-жа… Ён ня мыляўся, калі ўвяраў сябе, што далей таварышы пасобяць яму выбрацца на раўнейшую дарогу…