Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/492

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вам каго?

— Рыгора Нязвычнага!! — пачуўся падвойны адказ на запытаньне.

— Калі ласка!

У асьветленым калідоры мігнуліся між Лібу аброслы, у запыленых ботах ды зношанай суконнай жукетцы Сёмка і стройны, чыста выбрыты, у чорным адмысловым паліце Пятрусь.

— Направа, вось-вось! — адказала Ліба і порстка кінулася адчыняць дзьверы.

— Разьдзеньцеся ў пакоі, — папярэдзіла яна гасьцей.

Тыя непарушным парадкам прайшлі ў Рыгораў пакой і поруч сталі перад стрэўшым іх Рыгорам.

— Згаварыліся? — кінуў ён запытаньне, цёмнае ды няяснае для абодвых.

Наступны момант засьведчыў сабою цёплае прывітаньне трох сяброў, якія зьнянацку для кожнага стрэліся на кватэры Рыгора.

Найболей гэта стрэча інтрыгавала Сёмку, які нэрвова пацепаў плячыма, паўтараючы:

— Ніколі-б не падумаў на Пятруся… Гляджу і хоць-бы думка закралася…

Пятрусь прызнаваўся таварышу ў тым-жа:

— Так моцна зьмяніцца! Хто-б мог дагадацца!..

Абмеркаваньне цікавага здарэньня нечаканай стрэчы адняло каля гадзіны часу.

Далей іхная гутарка паступова перайшла на тэмы, якія паслужылі прычынаю спатканьня.

Першым да іх зьвярнуўся Сёмка.

— Я прашу выбачыць мяне, Рыгор, што я так бесцырымонна зноў да цябе з просьбай, — перасьцярог ён.

— А ты падалікатнеў, я бачу! — пасьмяяўся Пятрусь.

— Жыцьцё вучыць усяму, браток…

— Ды ўжо-ж!

— Як бачыш…

— Далікацтва, я думаю, на гэты раз ня зусім і патрэбна, — расхаладзіў Рыгор.

Ліба ўголас засьмяялася.

— Апрашчэнец які!