Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Карыстаючыся гэтым, магчыма знарочыстым папускацельствам з боку поліцыі, Рыгор на трэцім тыдні свайго жыцьця ў Смагіне ўжо сьвядома наведваўся ў стан толькі праз тыдзень. Аднак, дазваляць сабе поўную свабоду ён пакуль ня зьбіраўся. Рыга яго навучыла быць асьцярожным і тактоўным. Папасьціся яму другі раз у рукі поліцыі азначала не зрабіць і таго, што ён мог рабіць пры асьцярозе. Аднак, паступова, незалежна ад сваіх меркаваньняў, Рыгор цалкам увайшоў у партыйныя справы, занядбаўшы сваім няпэўным становішчам. Гэтаму значна пасабляла тое, што ён жыў у карчме. Пад выглядам папойкі, за пляжкаю піва хлопцы больш-менш спакойліва вырашалі пытаньні бягучае працы. Тым болей спрыялі гэткія абставіны яшчэ і таму, што гаспадар карчмы і ўся яго сям’я, ведаючы ў чым рэч, самі аберагалі гэткія пасяджэньні моладзі. Набліжэньне вурадніка ці стражніка, або проста чужога чалавека, сыгналізавалася старымі гаспадарамі карчмы загадзя. Організацыя так званых карчомных паседжаньняў належала цалкам Рыгору і вельмі прыйшлася да спадобы яго смагінскім таварышом.

Праўда, што аднымі паседжаньнямі іх політычная праца вычарпацца не магла. Яе трэба было шырыць сярод местачковых падмайстраў і пераносіць на вёску. Знаходжаньне больш адказных мэтодаў магло адбівацца на посьпеху працы. І тут пасобіў Рыгор: па яго думцы рэшана было організаваць у Смагіне публічную бібліотэку з правам разданьня кніжак вясковым чытачом. Першым кніжным фондам згодна рашэньню комітэту меўся быць фонд з сабраных самімі сябрамі організацыі кніжак. Выбар ад начальства дазволу на права адчыненьня бібліотэкі складала справу найцяжэйшую. Сярод сяброў організацыі не знаходзілася чалавека, якому-б хоць крыху давярала поліцыя. Рыгор падаў думку зьвярнуцца да Шульца, каб той выбраў на сябе правы на адчыненьне і номінальнае загадваньне бібліотэкай. Шульц безадгаворна згадзіўся.

Такім чынам справа з бібліотэкаю стала на рэйкі і хутка рухала наперад, прыкрываючы сабою політычную чыннасьць. Дзякуючы Рыгору, была праведзена паўлегальная кампанія збору падпіскі на газэту «Правда» і ахвяр у яе жалезны фонд. Па ініцыятыве-ж Рыгора наладжвалася некалькі спэктакляў з пераносам іх у бліжэйшыя да Смагіна вёскі, каб праз гэта навязаць сувязь з сялянскаю моладзьдзю. Усё гэта ўнясло ў смагінскае жыцьцё новы струмень асьвяжэньня. Тыя, што былі адкі-