Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Павал Адамаў Памыйка хутка ўвёў Рыгора ў гісторыю Шульцавай майстэрні і ў сутнасьць узаемаадносін між Шульцам і рабочымі. З Паўлавых паведамленьняў выявілася перад Рыгорам сваяасаблівасьць Шульцаўскай сям’і. Сам Шульц называў сябе «соцыял-дэмократам па-за партыяй»; сын Рудольф, студэнт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, фактычна быў актыўны член студэнцкай соцыял-дэмократычнай групы: дачка Маргарыта… пра яе Рыгору паведамілі раней. У доме Шульца часта адбываліся патайныя сходкі, якія часткаю аберагала яго гаспадарскае становішча.

Гэта акалічнасьць згладжвала ў Рыгору першачасовую неабыкласьць смагінскіх умоў. Але паступова іх упарты націск шчыльніў Рыгора да местачковага жыцьця, заблытваючы ў пераплёты яго інтарэсаў. З гэтых інтарэсаў выплывалі пытаныні і задачы, з якімі ён быў зьвязаны як соцыяліст і змагар.


IX

РЫГОР НЕ АГЛЯДЗЕЎСЯ, як ён стаў шрубкаю новае машыны. Дзень-у-дзень гэтая шрубка мусіла закручвацца, каб не парушалася праца ўсяго мэханізму. А сёмай гадзіне раніцы Рыгор ішоў у майстэрню, тупаючы па выбітых дошках тротуараў, абмінаючы знаёмыя хаты і сустракаючы адных і тых-жа людзей. А дзесятай ён варочаўся дамоў, у карчму Крамнікаў, адкуль не хацеў выбірацца і якою быў задаволены поўнасьцю. Ліба акуратна да яго прыходу ўбірала яго пакоік і праз хвіліну па ўваходзе стукала ў дзьверы, прыносячы сьнеданьне. Некалькі далікатных сказаў адно другому папярэджвалі Рыгораву яду…

А пасьля гадзіны, адданай на сьнеданьне, зноў Рыгор бег на работу, працаваў да трэцяй гадзіны дня, ішоў на абед, варочаўся з абеду і канчаў свой дзевяцігадзінны працоўны дзень а сёмай гадзіне ўвечары.

Пасьля працы Рыгор каля гадзіны чытаў газэты і кніжкі, і затым пісаў лісты ці хадзіў да Сроля, да Памыйкі, або адзін прагульваўся ў поле, за мястэчкам. Ляжала яшчэ на ім агідная павіннасьць зьяўляцца праз два дні ў стан на мальдунак. Яго першачасовая асьцярожнасьць у паводзінах, рэдкае пападаньне на вочы поліцыі пасобіла зьлёгку занядбаць наглядам за ім.