Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/482

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ПЯТАЯ



I

ЗАБАСТОЎКА ЦЯГНУЛАСЯ болей двух тыдняў і скончылася поўнаю перамогаю рабочых. Рыгор прынёс пра гэта вестку Лібе, як матрос пра зямлю — Колюмбу.

Перамога над прадпрыемцамі акрыліла іх абоіх.

Ня толькі Рыгор, але і Ліба адчувала сябе героем дня, хоць ад выгранае забастоўкі ў лазарэце нічога не зьмянілася.

Там цягнулася жыцьцё, да прыкрасьці аднастойнае, сумнае.

Вайна рабіла сваю справу, калечачы людзей, якія нясупынна папаўнялі месцы падлечаных ці памершых. Дзень-у-дзень ішла гэта нудная, нэрвовая перасоўка калек; з ранку да вечару цяжэй раненыя нылі ад болю, здаравейшыя — ад суму.

Белымі зданямі мігалася па цесных калідорах неадлучная сьмерць. Яе ня вытручвала едкая ёдаформа, цягучая рыцына, трутлівая карболка.

Гэтыя лякарствы служылі прыправай душнаму паветру, якім мусілі сапсьці безнадзейна хворыя і тыя, хто іх абслужваў.

Але ніхто не задумваўся над тым, наколькі скарочвалася жыцьцё ад гэтай атруты.

Жахі вайны, як цэлага, хавалі ў сабе крывавыя эпізоды, якія складалі яе цэласьць.

Тым ня меней, нявідныя ніткі працягаліся непасрэдна ад адзінак да агульнага. Кожны ранены быў злучаны з вайною і ад яе канца чакаў свайго збаўленьня. У іх вачох з ваеннага туману ня ўздымаліся галовы асобных герояў. Хворыя шукалі іх у другім месцы, дый само геройства вызнавалі іначай. Брусілаўскі наступ з сотнямі тысяч палонных ухмыляўся ня значнасьцю перамог над ворагамі, а якасьцю сродку да хутчэйшага зьнішчэньня вайны. Ды кампанія Брусілава ападала ніжэй у параўнаньні з апошняю забастоўкаю.

У лазарэце не канчаліся гутаркі пра памятны запрос у Думе пра забастоўкі. Гэты політычны факт адпіхаў на задні плян усе