Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/481

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Наўсьцяж мінулых гадоў, як ахапляе памяць, у шэрай, каламутнай далі — роўна-супярэчнае, калючае, а між тым…

Ступенька за ступенькаю — угору ды ўгору!

— Ты ўжо дома?

Ліба незаўважна для Рыгора апынулася ў пакоі.

— Колькі часу?

— Дзесятая гадзіна. Ты спаў?

— Падобна таму.

— Пра што ты кажаш?

Ліба ўперылася ў мужа зьдзіўленым узрокам.

— Ты ўсхвалёваны, Рыгор? Няпрыемнасьці з заводам?..

— Няпрыемнасьці… Як табе сказаць…

— Забастоўка ня скончана?

— Не! Ды ня ў гэтым справа.

— Ну вы-ж траціце час.

— Здохнуць, а прастой заплацяць…

Ліба ня цалкам згаджалася з Рыгорам. Але яна не хацела раздражняць мужа сваім разувер’ем.

Яна таксама была ўпэўнена, што бягучая сытуацыя не пакрыўдзіць забастоўшчыкаў, аднак на хацела даваць свайго аналізу наступнаму.