Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/483

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

буйнейшыя падзеі вайсковага характару. У забастоўках таілася гібель вайны, расьсеяньне яе жахлівых вынікаў.

Ліба не ўтаіла пераможнай забастоўкі на заводзе, дзе працаваў Рыгор. Яна ўпляла яе ў агульную сетку тых падзей, якія ўплываюць на раненага лепей ёдаформы ды карболкі. І была рада, што хворыя з паўстаўшай надзеяй пыталі яе ў часе прывітаньня: што чуваць у рабочых раёнах?

Весткі адтуль прыносіць Рыгор.

Гэтыя весткі поўны бадзёрасьці. Рабочыя ня тыя, што былі два гады назад. Яны пачулі сілу, якую вось-вось уплятуць у агульныя падзеі дзяржаўнага жыцьця. І ніхто ня ручыць, што яно не паверне свае хады ў іншы бок…

Ліба ня можа ня верыць Рыгору.

Яго словы падмацаваны фактамі. Выйграная забастоўка — адзін з тых фактаў.

Каб ня Рыгорава перакананьне ў блізкасьць вялікіх зьмен — Ліба ня ўседзела-б на сваёй службе.

Але яна ажыўляе службу занятым ад мужа натхненьнем.

Лібу суцяшаюць інтымныя гутаркі з хворымі — гэта-ж яна перадае ім суцешныя, а то і радасныя весткі з-за сьцен надаеўшага ім будынку.

Жывыя, праўдзівыя навіны, а не падфарбаваную выдумку…

Лазарэт адрэзаны ад жыцьця, ён — частка вайны, хоць вакол яго разгартаюцца падзеі, якія накіраваны на ахову жыцьця ня толькі хворых, а і здаровых.

Над гэтымі падзеямі расьсцілаюць чорную валь штучнага геройства —

Подвігі Брусілава.

Выступленьні Румыніі на баку саюзьнікаў.

Патрыотычныя маніфэстацыі…

Для каго і каму яны патрэбны?

Чыё пачуцьцё яны ў сілах распаліць?

Хворыя ў лазарэтах разумеюць сэнс ваяўнічых выкрыкаў тылавых герояў.

Гукі «Коль славен» — для іх адваротныя пахавальныя песьні.

Бляск абразоў — палуджаная мана ды ашуканства.

Лямантацыі газэт — фальшывы тон разбазыраных пісак.

— Праўда, сястрыца?

Вярней адкажа Ліба — яе адну пытаюць.