Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/480

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Таварыш ідзе на Ражджэсьцьвенскія? — запытаў Рымін брат.

— Я еду на Васільлеўскі! Можа, Рыма, паедзем да мяне?

Рыма паглядзела на брата, пасьля адказала:

— Няхай ужо другім разам.

— Чакаю вас. Прыяжджайце з братам!

Той зьняў парыжэлы капялюш і, хапіўшы Рыму за руку, павёў яе насустрач грымеўшаму трамваю.

У гэты момант з завіласьці Ражджэсьцьвенскай выбег стрэчны трамвай, нумар пяць.

У адзін момант яны разьвязьлі сваіх пасажыраў у розныя, процілаглыя бакі.

Уражаньні ад раптоўнай стрэчы з Рымаю займалі Рыгора праз увесь дзень.

Ён ня мог ад іх вызваліцца і тады, калі яму выпадкова давялося даведацца пра зацяжнасьць забастоўкі на неакрэсьлены час.

Трывожная нотка ў паведамленьні, якое перадаваў яму напатканы сябра дэлегацыі, коўзалася між вушэй, поўных шаломнага звону ад Рыміных слоў.

Яшчэ дзень-другі, а можа і тыдзень забастоўкі не таілі ў сабе нічога страшнага для Рыгора. Наадварот, забастоўка нясла з сабою развой далейшых здарэньняў узвышанага настрою. Яна глядзела з утулаў абкураных гмахаў бадзёрым узрокам людзкога ўздыму. На яе чырвоным фоне густою плямаю чарноты акрасьлівалася новае зьвяно ў ланцугу самотных, нязьлічоных, але глыбокіх ды балючых трагедый. На хібах хваль, што іх раскалыхвае людзкі акіян, шавеляцца нябачнымі жывучкамі штодзенныя гісторыйкі паасобных чалавечых сьветаў. Незаўважныя ў мільёнах, яны агромністы ў адзінках. Бясьсьледныя для грамады, яны выпальваюць нясьціраныя сьляды для індывідуумаў. Ціхае заміраньне струны глушыць завіруху…

Чорнаю істужкаю працягнулася жалобная паласа падзей, разгарадзіўшы гісторыю Рыгоравага жыцьця надвое. Па адзін бок — доўгі мартыралёг страт, разлукі; па другі — бляск сустрэч, калыханьне надзей, нараджэньне вялікіх неспадзяванак…

Дзьве лесьвіцы, што нясупынна рухаюць — адна ўгору, другая ўніз. Гэта жыцьцё.