Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 4.pdf/479

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ротлівай, пастарэлай кабетай, на выгляд гадоў трыццаці. Перажытыя ёю мукі адбіваліся ў яе настроі, нават на гутарцы, поўнай безнадзейнасьці ды роспачы.

— І паверыце, — скардзілася яна Рыгору, — ні разу ня бачыла Пятруся. Спачатку прыезду ў Маскву наведала яго пару раз, але не знайшла ні на кватэры, ні на службе; а пакуль сабралася трэці раз зайсьці — якраз сустрэла поліцэйскую кулю… Ніхто ня ведае, што яго чакае назаўтра… Можа вам, часамі, Пятрусь піша што-кольвечы?

Адказаць на Рыміна запытаньне было ня так лёгка. Перад Рыгорам расчынілася карціна, якое ён не спадзяваўся бачыць. І зараз, слухаючы Рыму, яму ня верылася, што тая апавядае пра сябе, а не пра каго іншага…

Як-то магло стацца, каб Пятрусёвы дарогі пад гэткім вострым кутом перакрыжаваліся з Рымінымі дарогамі?

А ён-жа, сазнацца, калі не ўспамінаў пра Рыму, то думаў (ці хацеў думаць), што яна зьвязала сваё жыцьцё з яго таварышам. Ды хтоб мог дапусьціць сабе, што Рыміна пачуцьцё да Пятруся расьсеецца патухшым сьвятлом, а, любімы чалавек зьнікне з яе небасхілу? Няўжо яна ехала з Пецярбургу ў Маскву, каб там замест Пятруся стрэцца з куляю азьвярэлага поліцэйскага?

Ці то Пятрусь зьмяніў сабе, стаўшы праз гэта ўскосным вінавайцам Рымінай трагедыі?

Загадка!

Ды ня ў выказ цікавая і нечаканая для Рыгора.

І ён, і, тым болей, Пятрусь на працягу амаль ні цэлага году — ні словам пра Рыму. А яно — вунь як!

— Піша, але зрэдку!

Рыгораў адказ не парушыў зацяглае маўчанкі, якую перарваў нагнаўшы іх сярэдніх гадоў мужчына:

— Гольдбэрг прасіў зайсьці да яго заўтра, — паведаміў той Рыму.

— Мой стрэчны брат, пазнайцеся, — парэкомэндавала Рыма. — Каб ня ён, выпадкова трапіўшы ў Маскву якраз у дзень майго раненьня, я ні за што ня выбралася-б з лазарэту. Ён, дзякуй яму, дбаў увесь час пра мяне, хоць руінай усё-ж пасобіў мне яшчэ на нейкі час церці гэтыя каменьні…